Страшны сон дыктатараў



Лідар апазіцыі абвяшчае сябе прэзідэнтам. І іншыя краіны гэта прызнаюць. Вось ён страшэнны сон усіх тых, хто вельмі доўга займае пасаду прэзідэнта. Нават не страшэнны сон, а цэлы кашмар. Проста дзясяты сезон жахлівіка “Хадзячыя мерцвякі”. Нездарма ўсё-такі прыдумана, што прэзідэнт можа абірацца не болей, чым на два тэрміны. Гэта толькі муж з жонкай могуць жыць разам больш за 10 гадоў. А вось калі аднаго і таго ж чалавека бачыш штодзень па тэлебачанні, то гэта ўжо пераўтвараецца ў мыльную оперу. Нават “Санта Барбара” ў рэшце рэшт надакучыла тэлегледачу.

Не паспелі беларусы аплакаць Уга Чавеса, як прэзідэнт Мадура таксама можа пазбавіцца прэзідэнцтва. Не, са здароўем у яго, падаецца, усё ў парадку. Проста спікер парламента Хуан Гуайдо абвясціў сябе прэзідэнтам. Уяўляеце, узяў і абвясціў сябе выканаўцам абавязкаў прэзідэнта прама на мітынгу. Не “Добры дзень, усім” сказаў, а “Я клянуся афіцыйна выконваць паўнамоцтвы прэзідэнта Венесуэлы”. А цяпер перанясіцеся на некалькі тысячаў кіламетраў на постсавецкую прастору. Уключыце фантазію: спікер якога-небудзь парламента гаворыць на мітынгу: “Я клянуся афіцыйна выконваць паўнамоцтвы прэзідэнта”. Нават у самых смелых фантазіях гэта немагчыма ўявіць. Больш за тое, падобнае – страшэнны сон не толькі для тых, хто доўга затрымаўся ў кіраўніцтве некаторых краін на нашай постсавецкай прасторы, але і для саміх спікераў парламентаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ