Курыца коштам тры мільёны балівараў



Усё калі-небудзь заканчваецца. І кіраванню аўтакратаў, якія намагаюцца любымі спосабамі захаваць уладу, таксама прыходзіць канец. Выглядае на тое, што венесуэльскі народ вырашыў паставіць тлустую кропку на рэжыме сацыяліста Нікаласа Мадура. Толькі на вуліцах сталіцы Каракаса – сотні тысяч чалавек. Людзі настроеныя вельмі рашуча. Кіраўнік дзяржавы саступаць народу не імкнецца. У гэтай лацінаамерыканскай краіне адключаны Інтэрнэт. Ваенным дадзены загад любой цаной задушыць народнае паўстанне. На гэты момант вядома пра тое, што ў выніку страляніны загінула сама меней 6 чалавек.

Нягледзячы на гвалт, венесуэльская апазіцыя ўсё роўна не здаецца. Спікер парламенту Хуан Гуайда ў прысутнасці аграмаднага натоўпу пайшоў на беспрэцэдэнтны крок, абвясціўшы сябе часовым прэзідэнтам на перыяд транзіту ўлады. На гэты ўчынак імгненна пазітыўна адрэагавалі прэзідэнты ЗША і шэрагу дзяржаваў, якія мяжуюць з Венесуэлай. Генеральны сакратар Арганізацыі амерыканскіх дзяржаваў Луіс Альмагра даслаў віншаванні самаабвешчанаму прэзідэнту.

Дональд Трамп не абмежаваўся заявай аб прызнанні Хуана Гуайда, але і намякнуў, што ў яго на стале ляжаць планы з рознымі варыянтамі рэакцыі ЗША на сітуацыю ў Венесуэле. Наўздагон Беламу Дому падтрымалі венесуэльскую апазіцыю ўлады Канады, а таксама некаторых краін ЕЗ. Такім чынам, апазіцыйны лідар атрымаў два складнікі легітымнасці, якіх цалкам дастаткова, каб пераняць лейцы кіравання дзяржавай. Унутраную легітымнасць яму забяспечвае народ Венесуэлы, які пакутуе ад некампетэнтнага кіравання сацыялістаў, у выніку чаго адна з найбольш багатых на радовішчы нафты краін свету апынулася на мяжы гуманітарнай катастрофы. Знешняя легітымнасць Хуана Гуайда ў асноўным грунтуецца на прызнанні з боку краін-суседзяў, якія стаміліся ад вялікага сыходу насельніцтва Венесуэлы. Паводле прагнозаў экспертаў, да канца 2019 года гэтую дзяржаву могуць пакінуць да 5 мільёнаў чалавек. Зразумела, што такая сітуацыя не можа задавальняць урады прыпамежных з Венесуэлай дзяржаваў, якія гатовыя пайсці на рызыку, падтрымліваючы апазіцыю, чым надалей выдзяляць непад’ёмныя для іх сродкі на забеспячэнне жыццёвых патрэбаў уцекачоў.

Шматтысячныя пратэсты для Венесуэлы – гэта не навіна, а даволі звыклая карціна. Практычна кожны год грамадзяне спрабуюць памяняць уладу, але адданыя рэжыму сілавікі гвалтам дапамагаюць Нікаласу Мадура ўсядзець на троне. У гэты раз сітуацыя практычна аналагічная. Міністэрства абароны Венесуэлы падтрымлівае дыктатара, што прывядзе, без усялякага сумневу, да эскалацыі канфлікта, шматлікіх ахвяраў. Адметна таксама, што алею ў агонь падліваюць прадстаўнікі дыктатарскага інтэрнацыянала – пра падтрымку Нікаласа Мадура ўжо заявілі Расея і Турэччына. Свае сваіх не кідаюць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ