Мінінфарм супраць Legalize Belarus: суд не задаволіў скаргі Маркелава
Суд не задаволіў скаргі грамадскай ініцыятывы Legalize Belarus на блакаванне яе сайта Міністэрствам інфармацыі. Такое рашэнне на пасяджэнні ў судзе Цэнтральнага раёна Менска прыняў суддзя Аляксандр Длужнеўскі.
Суддзя заявіў, што падчас працэсу „правераныя і даследаваныя ўсе довады з улікам удакладненняў заяўленых патрабаванняў па пададзенай скарзе”.
„Рашэнне прынятае судом выключна ў межах пададзенай скаргі на дзеянні Міністэрства інфармацыі па абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу”, — падкрэсліў ён. Тым самым суддзя звярнуў увагу заяўніка скаргі Пятра Маркелава, што суд не ацэньваў абгрунтаванасць прэтэнзій Міністэрства ўнутраных спраў, з чыёй ініцыятывы быў заблакаваны рэсурс.
Маркелаў паведаміў БелаПАН, што мае намер абскардзіць сённяшняе рашэнне суда. Гэта можа быць зроблена на працягу пятнаццаці дзён у Менскім гарадскім судзе.
Мінінфарм заблакаваў сайт ініцыятывы ў маі 2018 года на падставе пiсьмовага паведамлення з МУС. Праваахоўныя органы палічылі патрэбным абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу з-за матэрыялаў, якія, на іх думку, прапагандуюць ужыванне марыхуаны. У прыватнасці, на сайце былі размешчаны здымкі з выявай лісця канапель. Маркелаў на судзе заявіў, што лічыць блакіроўку сайта незаконнай.