Алесь Дзянісаў атрымаў чарговы пратакол
У Гародні міліцыянты ўручылі чарговы пратакол журналісту і музыканту Алесю Дзянісаву па артыкуле 22.9 КаАП за сюжэт прысвечаны сутарэнням, які з’явіўся на тэлеканале „Белсат”.
Кажа Алесь Дзянісаў:
– Да Алеся Кіркевіча дзесьці тыдні два таму прыходзілі міліцыянты. Я, скажам так, не ішоў з імі на кантакт, ну а сёння проста пашкадаваў іх. Чарговы раз яны грукаліся ў дзверы, я вырашыў, што звычайныя міліцыянты не павінны адказваць за сваіх начальнікаў-дурняў. Напісаў, што не згодны з пратаколам і распісаўся.
Журналіст адмовіўся даваць міліцыянтам тлумачэнні:
– Запыталіся ці буду даваць паказанні. Я адказаў, што не варта губляць час. Яны сказалі, што гэта правільна і паехалі. Цяпер чакаю позву з суда. Думаю, што ў першай палове лютага.
Па артыкуле 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі) у Гародні за апошнія некалькі год вялікімі адміністрацыйнымі штрафамі былі пакараныя: Андрэй Мялешка, Алесь Дзянісаў, Павел Мажэйка ды Алесь Кіркевіч.
Беларускае Радцё Рацыя, Гародня