Рэальны памер пенсій у снежні 2018 года знізіўся на 0,9%



У снежні 2018 года ў параўнанні з папярэднім месяцам рэальны памер пенсій знізіўся на 0,9%, за апошнія 12 месяцаў — вырас на 14,8%, сведчаць даныя Белстата.

Зніжэнне рэальнага памеру пенсій раней назіралася пяць месяцаў запар (у снежні 2017-га — на 0,3%, у студзені 2018 года — на 0,8%, у лютым — на 0,7%, сакавіку — на 0,8% , красавіку — на 0,3%) пасля росту ў лістападзе 2017 года на 4,3%. У траўні пенсіі павялічыліся на 5,5%, у чэрвені зноў знізіліся — на 0,4%, у ліпені — выраслі на 0,2%, жніўні — на 9,8%, верасні — знізіліся на 0,8%, кастрычніку — на 0,5%, у лістападзе — выраслі на 4,2%.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў снежні 2018 года ў параўнанні з лістападам знізіўся на 0,4 рубля і склаў 393,3 рубля.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў лістападзе на ўліку стаяла 2 млн 61,1 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 381,2 рубля (на 0,4 рубля менш, чым у лістападзе), што ў 2, 3 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытковага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва і склала 34,2% да сярэдняй зарплаты.

Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці склаў 346,3 рубля (на 0,7 рубля менш, чым у лістападзе), у сувязі са стратай карміцеля — 259,6 (на 0,6 рубля менш), сацыяльнай пенсіі — 198,7 (на ўзроўні лістапада ).

1 жніўня 2018 года працоўныя пенсіі былі павышаны на 10%, 1 лістапада — на 5,3%.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч на прэс-канферэнцыі ў Мінску 4 студзеня заявіла, што рэальны тэмп росту пенсій па ўзросту, паводле папярэдняй ацэнкі, за 2018 год складзе 7,8%, а па прагнозе на 2019 г. — 10,8%.

Колькасць пенсіянераў па ўзросту знізілася за апошнія тры гады больш чым на 56 тыс. „Гэта значыць, з прыняццем рашэння аб павышэнні пенсійнага ўзросту пайшло зніжэнне. Гэта, бясспрэчна, аказала свой уплыў”, — сказала Касцевіч.

belapan.by