У Залешанах пакажуць выставу „Наша памяць”
29 студзеня ў Залешанах пройдзе вернісаж выставы пад назвай „Наша памяць”. Вернісаж прымеркаваны да чарговай гадавіны трагічных падзей, якія мелі месца ў гэтай вёсцы 73 гады таму, калі па загаду кіраўніка польскага ўзброеннага аддзела капітана Рамуальда Райса „Бурага” вёска была пацыфікаваная. Тады загінула 16 чалавек – у тым дзеці і жанчыны.
Выстава „Наша памяць” – гэта плён працы актывістаў Беларускага гістарычнага таварыства, фонду Kamunikat.org ды інш. На выставе будуць прадстаўлены архіўныя фотаздымкі 1946 года, якія захоўваюцца ў Інстытуце Нацыянальнай Памяці.
Гаворыць суарганізатар выставы, старшыня фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк:
– Мы на выставе хочам паказаць тыя гістарычныя факты, якія тады мелі месца. Таксама выстава – гэта дакументацыя паездак, якія адбыліся ў 2018 годзе, па месцах, дзе пахаваныя ахвяры. На месцах памяці мы рабілі фотаздымкі, мы ўсё абмерылі – гэтыя магілы, гэтыя помнікі, якія яшчэ засталіся. Гэта ўсё будзе апісана, будзе пададзена дакументацыя ваяводзе, каб усе гэтыя месцы ахоўваліся дзяржавай.
Мерапрыемства па ўшанаванні памяці бязвінных ахвяраў у Залешанах пачнецца а 12-й гадзіне 29-га студзеня. Каля памятнага крыжа пройдзе традыцыйны малебен.
Урачыстасці праводзяцца жыхарамі вёскі супольна з бургамістрам Кляшчэляў. Чакаецца, што мерапрыемства наведаюць і дыпламаты Рэспублікі Беларусь.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя