У Бельску ўшануюць памяць ахвяраў “крывавага рэйду Бурага” (абноўлена)



 31 студзеня а 9-й гадзіне ў 73-ю гадавіну забойства вазакоў у лесе ля Пухалаў Старых у Свята-Пакроўскай царкве ў Бельску Падляшскім пройдзе адмысловы малебен, а таксама традыцыйная ўжо сустрэча ў бары „Анна”. Нефармальную сустрэчу з сем’ямі ахвяраў і ўсімі хто ўшаноўвае гэты дзень традыцыйна ладзіць Тамаш Суліма, цяпер намеснік старшыні ўправы горада.

– Гэта перш за ўсё малітва ў Пакроўскім прыходзе ў Бельску. Малітва пачнецца ў 9 гадзін у царкве. Калі будуць спрыяльныя ўмовы мы таксама пройдзем з царквы на Вайсковыя могілкі, каб пакланіцца магілам. А потым я запрашаю на гарбату. Чакаем усіх, хто хоча аддаць гонар загінулым.

73 гады таму ў лесе ля Пухалаў Старых былі закатаваныя жаўнерамі аддзелу Бурага 30 вазакоў, якія па загаду тагачаснага войта гміны Орля былі высланы ў Лозіцы для нарыхтоўкі дроў. Амаль 50 гадоў сем’і вазакоў не ведалі пра іх лёс і дзе пакояцца косці іх блізкіх. Толькі ў 90-ых гадах стала вядома, што закатаваныя вазакі яшчэ ў 1951 годзе былі сакрэтна перапахаваныя з лесу ў Пухалах на могілкі ў Кліхах. У 1997 годзе адбылася эксгумацыя парэшткаў вазакоў і перапахаванне на Вайсковых могілках у Бельску Падляшскім. Ля помніка-магілы ў Бельску штогод у гадавіну забойства сустракаюцца сем’і закатаваных вазакоў.

Бурмістр Кляшчэляў запрашае на мерапрыемства

73 гадавіна пацыфікацыя вёскі Залешаны, якая адбудзецца 29 студзеня 2019 г. а 12:00

Праграма мерапрыемства:

12.00 Удзельнікаў мерапрыемства прывітае Аляксандр Сяліцкі – Бурмістр Кляшчэляў

12.00 Малітва за забітых жыхароў з удзелам кс. Мітрата Мікалая Келбашэўскага

12.25 Ушанаванне памяці забітых – ускладанне вянкоў і кветак

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя