Парашэнка пра Жызнеўскага: Для мужнасці, чалавечнасці і адвагі няма межаў
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ўшанаваў памяць удзельніка Еўрамайдана беларуса Міхаіла Жызнеўскага, якому 26 студзеня споўніўся б 31 год.
„Для мужнасці, чалавечнасці і адвагі няма межаў. Нізкі паклон Міхаілу, грамадзяніну Беларусі, які аддаў самае дарагое — сваё жыццё за свабоду ўкраінскага народа. Няхай сёння ў памяць пра яго і ўсіх Герояў Нябеснай Сотні гучыць песня „Пливе кача па Тисині”. Міхаіл любіў яе больш за ўсё. Памятаем…” — напісаў Парашэнка ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ўшанаваў памяць удзельніка Еўрамайдана беларуса Міхаіла Жызнеўскага, якому 26 студзеня споўніўся б 31 год.
Актывіст арганізацыі УНА-УНСА Жызнеўскі ўваходзіў у самаабарону Майдана, удзельнічаў у ахове яго аб’ектаў, дзяжурыў у палатках. Быў забіты падчас супрацьстаяння на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 года. На месцы яго гібелі ўсталяваны помнік. 13 чэрвеня 2017 года Жызнеўскі быў удастоены звання Героя Украіны (пасмяротна). Пахаваны на могілках вёскі Знамя Працы Гомельскага раёна. Помнік неаднаразова апаганьвалі вандалы. Бацька Жызнеўскага памёр 8 красавіка 2018 года, маці — менш чым праз месяц, 4 мая. Забойства Жызнеўскага дагэтуль не раскрытае.
Ля помніка Тарасу Шаўчэнку каля ўкраінскага пасольства ў Менску 22 студзеня адбылася акцыя памяці Жызнеўскага, у якой узялі ўдзел каля дзесяці чалавек. Былі ўскладзеныя кветкі і запаленыя свечкі. Пасля акцыі міліцыя затрымала актывістаў Вольгу Нікалайчык і Дзяніса Урбановіча. Ноч яны правялі ў ізалятары часовага ўтрымання. 23 студзеня суд Цэнтральнага раёна Менска аштрафаваў Нікалайчык на 40 базавых велічынь (1.020 рублёў), Урбановіча — на 50 (1.275).