Мікола Бушчык: Чыноўнікі ў правінцыі – гэта маленькая імперыя сну



Паўтары гады таму беларускі мастак Мікола Бушчык прадаў сваю менскую кватэру і прыехаў у Слонім, дзе купіў з сям’ёй вялікі дом.

Ён мае некалькі паверхаў, ёсць месца для выставачнай залы, гараж, пакой для сустрэч і г.д. Каля дома некалькі сотак зямлі. Адным словам – вельмі добрае і зручнае месца для жыцця і працы. Наш карэспандэнт задаў адно толькі пытанне мастаку: Ці не шкадуеце Вы, што вярнуліся ў родны Слонім, пакінуўшы сталіцу?”. Вось што адказаў мастак:

–Я – гарадскі чалавек з душой прыроды. Хаця недалёка ад Слоніма стаіць у вёсцы Дзераўная бацькоўская хата. Тым не менш, я гарадскі чалавек. І зусім не шкадую, што вярнуўся ў правінцыю. Сталіца для мяне – толькі шлях развіцця і не болей. А камунікаваць з мастакамі і з сябрамі сёння даволі лёгка. А калі трэба спаткацца, то сябры прыедуць да мяне, ці я сяду ў машыну і праз дзве гадзіны ў Менску. Прыехаўшы ў Слонім, я думаў ажыццявіць шмат добрых спраў і праектаў на карысць горада і землякоў, але з мясцовымі вертыкальшчыкамі гэтыя справы зрабіць не ўдаецца. Усе ў райвыканкаме “спяць”. Гэта маленькая імперыя сну, якая толькі зарабляе добры заробак. І ўсё. А просты люд атрымлівае капейкі і варушацца людзі як мурашы. Варушацца, каб выжыць, утрымліваць сем’і, таму і тым, і гэтым не да сур’ёзнага мастацтва.

Чыноўнікам цікавыя і карысныя прапановы да лямпачкі, а простаму люду на гэта не хапае часу. Тут нікому не патрэбны ні Малевічы, ні Драздовічы, ні Шагалы. Таму лічу патрэбны сур’ёзныя перамены, асабліва ў беларускай правінцыі. Хаця мне ў маім доме зручна і добра. Я па-ранейшаму працую над вобразам сваёй радзімы.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім