У Берасці зноў падалі заяўкі на правядзенне акцый супраць завода АКБ



Група жыхароў Берасця падала заяўкі на правядзенне чатырох мітынгаў і дэманстрацыі супраць будаўніцтва ў рэгіёне акумулятарнага завода.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, па два мітынгі плануюцца 9 і 10 лютага ў Берасці на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, якая вызначаная мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў. Дэманстрацыя „Заводу тут не месца” — 9 лютага ў Берасцейскім раёне побач з будпляцоўкай.

Мэта мерапрыемстваў — выказаць пратэст супраць будаўніцтва завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй „АйПаўэр”, інфармаваць грамадзян пра шкоду вытворчасці для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя.

„Чыноўнікам, якія сцвярджаюць, што гэтае прадпрыемства будзе бяспечным, жыхары рэгіёна не вераць і дамагаюцца закрыцця завода”, — заявіў праваабаронца.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і раёне 48 мітынгаў, 12 пікетаў і шасці дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі прадпрыемства збіраюцца з 25 лютага штонядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары горада і  раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода некалькі перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў заказчыкаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён. Бясспрэчна, лічыць Румас, падобныя буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і рашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць дастойную заработную плату”, — заявіў ён.

У студзені Берасцейскі райвыканкам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода. На рэферэндум прапаноўвалася вынесці пытанне аб забароне любой дзейнасці, звязанай з будаўніцтвам і эксплуатацыяй завода па вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй, на тэрыторыі раёна.

belapan.by