У Менску адбылося паседжанне Сойму Руху Салідарнасці ”Разам”
26 студзеня ў г.Менску адбылося першае ў гэтым годзе паседжанне Сойму Руху Салідарнасці ”Разам”.
З дакладам пра палітычную сітуацыі ў Беларусі і дзеяннях Руху Салідарнасці “Разам” выступіла сустаршыня арганізацыі А.Талстая, з судакладамі – намеснік старшыні Г. Драздоў і міжнародны каардынатар І. Лялькоў. З дакладам “Аб гарантыях бяспекі Беларусі і Украіны па Будапешцкім мемарандуме” выступіў І.Леднік. У абмеркавнні выступілі: С.Законнікаў, А.Марачкін, С.Адамовіч, А.Фёдараў, Н.Багінская, Н.Батура, З.Захарэвіч, С.Мацкойць.
Па выніках паседжання былі прынятыя заявы: “Не – “Саюзнай дзяржаве!”, “Аб неабходнасці кансалідацыі дэмакратычных сілаў Беларусі”, “Аб дачыненнях з Беларускім Нацыянальным Кангрэсам”, “Аб гарантыях бяспекі Беларусі і Украіны па Будапешцкім мемарандуме”, “Аб падтрымцы прапановы Міжнароднай Арганізацыі Працы”, звароты: “Да беларускай інтэлігенцыі, дэмакратычных партый і рухаў “25 сакавіка – Дзень Волі”, “Да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі”.
Таксама былі прынятыя рашэнні: аб правядзенні замежнай канферэнцыі Руху Салідарнасці “Разам” ў Беластоку напрыканцы лютага; заклікаць за правядзення Маршу за Незалежнасць і Суверэнітэт Беларусі 2 красавіка, у т.зв. “Дзень яднання Беларусі і Расеі”.
Асноўнымі вынікамі паседжання сталі: зварот Руху Салідарнасці “Разам”да ўсіх палітычных суб’ектаў Рэспублікі Беларусь з заклікам аб правядзенні Кангрэса Дэмакратычных Сілаў, і ініцыяванне кампаніі па дэнансацыі “Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі” 1999 г.
* * *
Заява
Сойма Руза Салідарнасці “Разам”
Не – “Саюзнай дзяржаве!”
Сойм Руха Салідарнасці Разам” пратэстуе супраць спробаў кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі выкарыстаць так званую “Саюзную дамову” 1999 года для спробаў абмежаваць суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь.
Нагадваем, што заключэнне так званай “Саюзнай дамовы” было незаконным і нелегітымным, ніколі не прызнавалася беларускай апазіцыяй, бо падпісвалася пасля антыканстытуцыйнага перавароту 1996 года, які здзейсніў А.Лукашэнка.
Нагадваем, што, згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абарона незалежнасці і суверэнітэту краіны – абавязак кожнага грамадзяніна нашай дзяржавы. Цяпер, калі Расейская Федэрацыя знаходзіцца пад санкцыямі цывізаванага свету, а яе грамадзяне ўдзельнічаюць у войнах у розных краінах, у тым ліку ў Сірыі і Украіне, саюз з Расеяй азначае вайну і галечу.
Рух Салідарнасці “Разам” ініцыюе кампанію аб дэнансацыі “Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі” 1999 г.
Заклікаем беларускі народ да супраціву імперскім планам Масквы!
Абаронім Беларусь – разам!
Жыве Беларусь!
26.01.2019г.
г. Менск.
* * *
Заява
Сойму Руху Салідарнасці “Разам”
“Аб неабходнасці кансалідацыі дэмакратычных сілаў Беларусі”
Маскоўскія пагрозы сёння ёсць абсалютнай рэальнасцю. Крэмль і Лубянка цалкам выкарыстоўваюць той факт, што беларускі народ з 1996 года пазбаўлены права абіраць уладу.
На спробы пазбаўлення Беларусі суверэнітэту і незалежнасці беларускім дэмакратычным сілам трэба мець просты агульны адказ: “Не – Расеі! Саюз з Расеяй – вайна і галеча!”
Сойм Руху Салідарнасці “Разам” звяртаецца да ўсіх палітычных суб’ектаў Рэспублікі Беларусь з заклікам аб правядзенні Кангрэса Дэмакратычных Сілаў, дзе першым пунктам парадку дня мусіць быць пытанне аб дэнансацыі “Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі” 1999 года. Для падрыхтоўкі Кангрэса стварыць Аргкамітэт.
Ужо зараз мы бачым небяспечную тэндэнцыю вылучэння вялікай колькасці кандыдатаў ад апазіцыі на “выбары”, якіх не існуе. Удзел беларускай апазіцыі ў выбарчым фарсе А. Лукашэнкі вядзе толькі да марнавання энергіі, сілаў і сродкаў беларускага грамадства, якія так неабходны яму зараз для сапраўды жыццёва важнай барацьбы за скасаванне згаданай дамовы. Натуральна, гэта будзе выкарыстана Крамлём і Лубянкай гэтак жа, як гэта было ў 2010 годзе.
Народ Беларусі мае права на ўсе тыя свабоды і вольнасці, якія ёсць у цывілізаваным свеце ў ХХІ стагоддзі. Мы вельмі спадзяемся, што беларуская апазіцыя будзе мець адказнасць перад сваім народам і зробіць усё магчымае, каб не дапусціць інкарпарацыі Беларусі ў Расею, бо гэта будзе пачаткам ІІІ Сусветнай вайны.
Абаронім Беларусь разам!
Разам правядзем агульны беларускі сход – Кангрэс Дэмакратычных Сілаў!
Жыве Беларусь!
26.01.2019г.
г.Менск.
* * *
Зварот
Сойма Руха Салідарнасці “Разам”
да беларускай інтэлігенцыі, дэмакратычных партый і рухаў
“25 сакавіка – Дзень Волі”
Сойм Руху Салідарнасці “Разам” звяртаецца да беларускай інтэлігенцыі, да ўсіх дэмакратычных партый і рухаў з заклікам стварыць Аргкамітэт па святкаванні Дня Волі-2019.
25 сакавіка 1918 года ў Менску была абвешчаная дзяржаўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Сёння, ва ўмовах пагрозы суверэнітэту і незалежнасці, небяспечна адмаўляцца на Дзень Волі ад публічных вулічных акцый.
Фармат святкавання 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі мусіць прадэманстраваць як сённяшнім уладам Беларусі, якія стварылі пагрозу аншлюсу нашай краіны, так і пуцінскай Маскве з яе імперскімі планамі, што беларускі народ не здаўся і мы будзем змагацца за тое, каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай дзяржавай.
Жыве Беларусь!
26.01.2019 г.
г. Менск.
* * *
Заява
Сойму Руху Салідарнасці “Разам”
Аб дачыненнях з Беларускім Нацыянальным Кангрэсам
Сойм Руху Салідарнасці “Разам” падцвярждае прыхільнасць ідэалам і праграмным мэтам Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу і лічыць неабходным працягнуць супрацу з БНК.
Разам з тым, мы сцвярджаем немагчымасць для Руху Салідарнасці “Разам” удзельнічаць у любых “выбарчых” кампаніях, якія будуць праводзіцца ў Беларусі у 2019-2020 гадах, пры захаванні цяперашняй палітычнай сітуацыі ў краіне.
26.01.2019 г.
г.Менск.
Паводле прэс-рэлізу
Фота Прэс-групы Руху Салідарнасці “Разам”