Вялікі літоўскі гасцінец – падарожжа з мінулага ў сучаснасць
У Польшчы аднаўляюць турыстычны шлях Вялікі літоўскі гасцінец «Праз Мазоўшэ і Падляшша».
На адмысловай канферэнцыі ў Сакалове-Падляшскім, дзе і паўстала ідэя, абмяркоўвалі патэнцыял гэтага турыстычнага шляху. А яго асаблівасці ведае адзін з удзельнікаў канферэнцыі – прадстаўнік таварыства «Гай» Ян Мордань.
– У 17-18 стагоддзях гэта быў адзін з важнейшых гандлёвых і паштовых шляхоў, які пачынаўся ў Варшаве, а заканчваўся ў Вільні. І падарожнічалі ім і каралі, і гандляры і нават вялікія падарожнікі з Еўропы. І некаторыя з іх пакінулі ўспаміны. І ў Сакалове-Падляшскім знайшліся людзі, якія вырашылі гэты шлях перанесці як цікавы турыстычны шлях у сучаснасць.
На Вялікім літоўскім гасцінцы ўжо цяпер знойдзем адмысловыя ўказальнікі, якія сведчаць, што знаходзімся менавіта на шляху, а таксама ў планах – развіваць інфраструктуру, каб турысты маглі спыняцца ў пэўных местах. У планах таксама наладзіць супрацу з Гарадзеншчынай, бо там таксама палягае турыстычны шлях.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота rdc.pl