Рапота заявіў пра мэтазгоднасць наднацыянальных органаў
Момант шоку для беларускага кіраўніцтва. Так палітолаг Аляксандр Класкоўскі акрэслівае стан наменклатуры ў стасунках з Расеяй. Краіна-суседка патрабуе больш цеснай інтэграцыі на падставе дамовы пра Саюзную дзяржаву, якую падпісвалі ў 99-м годзе, а гэта можа прывесці да страты незалежнасці. Рух у бок інтэграцыі ўжо адчуваецца. Але ёсць пэўныя перасцярогі, кажа палітолаг Аляксандр Класкоўскі.
– Зразумела, выконваць тую саюзную дамову, якую некалі Лукашэнка падпісаў са старым хворым Ельцыным у 1999 годзе. Тады малады беларускі прэзідэнт меў віды на Крэмль. Але з той пары шмат усяго мінула. І калі сёння пачаць сапраўды выконваць тую саюзную дамову, пачынаючы ад адзінай валюты, гэта будзе “капец” беларускаму суверэнітэту.
Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Рыгор Рапота заявіў, што Менску і Маскве мэтазгодна падумаць над пытаннем стварэння дадатковых наднацыянальных органаў у рамках саюзнай дзяржавы, напрыклад, суда і падліковай палаты. Дзяржсакратар растлумачыў, што стварэнне саюзнага суда мэтазгодна, таму што часам паміж гаспадарчымі суб’ектамі Беларусі і Расеі ўзнікаюць спрэчныя сітуацыі, «якія патрабуюць арбітражу, а ён сам па сабе не функцыянуе». Яшчэ раней ў Беларусі стварылі працоўную групу па выпрацоўцы прапаноў па далейшым развіцці беларуска-расейскай інтэграцыі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя