Вольга Чайчыц – рэкардсменка па штрафах за сваю працу



83 тысячы 315 даляраў. Гэта агульная сума штрафаў, якія за час працы атрымалі журналісты-фрылансеры, што робяць матэрыялы для незалежнага тэлеканала «Белсат». Па-ранейшаму на галоўнай старонцы тэлеканала працуе адмысловы лічыльнік і сума штрафаў толькі павялічваецца. Чарговыя пратаколы атрымалі журналісты Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук з Берасця, Алесь Дзянісаў з Гародні. Своеасаблівым рэкардсменам лічыцца Вольга Чайчыц з Менска.

У мяне за мінулы год было 14 штрафаў, за пазамінулы – 7, а ў гэтым годзе пакуль што 1 штраф толькі, але новыя пратаколы ўжо ёсць. Часцей за ўсё я раблю сюжэты на сацыяльныя тэмы. І ў Беларусі гэтыя сацыяльныя тэмы, сапраўды, калі медыя падключаюцца, часта вырашаюцца. І толькі ў такім выпадку. Мы робім сюжэт, пасля чаго нам выпісваюць штраф, але сама сітуацыя развязваецца дзякуючы сюжэту. І гэта не падабаецца чыноўнікам, канешне ж.

У Гародні таксама міліцыянты ўручылі чарговы пратакол журналісту і музыканту Алесю Дзянісаву па артыкуле 22.9 КаАП за сюжэт, прысвечаны сутарэнням, які з’явіўся на тэлеканале „Белсат”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя