За 2018 год колькасць ІП у Менску скарацілася на 4,5%



Паводле звестак Белстата, на 1 студзеня 2019 года ў Беларусі дзейнічала 142,1 тыс. юрыдычных асоб і 243,2 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з 1 студзеня 2018 года вырасла на 0,5%, ІП — скарацілася на 0,05%.

Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзілася ў Менску — 51.005 (за год іх колькасць вырасла на 1%). У Менскай вобласці іх было 25.977 (-0,9%), у Берасцейскай — 14.625 (0,6%), Гомельскай — 13.957 (+0,5%), Віцебскай — 13.060 (+1,2%), Магілёўскай — 12.034 (+1,9%), Гарадзенскай — 11.450 (-0,9%).

Найбольшая колькасць ІП таксама знаходзілася ў Менску — 74.971 (за год іх колькасць знізілася на 4,5%). У Менскай вобласці налічвалася 39.091 ІП (рост на 4,2%), у Берасцейскай — 32.579 (+1,2%), Гомельскай — 27.114 (+2%), Гарадзенскай — 24.418 (+0,4%), Магілёўскай — 23.476 (+3,3%), Віцебскай — 21.588 (+0,1%).

Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржавы формаў уласнасці склала 12,4% агульнай колькасці дзейных арганізацый і ў параўнанні з 1 студзеня 2017 года скарацілася на 0,1 працэнтнага пункта. З 142,1 тыс. арганізацый дзейнасць у сферы вытворчасці ажыццяўлялі 31,8 тыс. (22,4% агульнай колькасці), у сферы паслуг — 110,3 тыс. (77,6%).

У 2018 годзе зарэгістравана 11 тыс. 214 юрыдычных асоб, 35 тыс. 153 ІП. Ліквідавана 11 тыс. 239 юрыдычных асоб, спыніў сваю дзейнасць 32 тыс. 91 індывідуальны прадпрымальнік.

10 снежня 2018 года ў Менску прайшоў ужо трэці за мінулы год форум прадпрымальнікаў, арганізаваны РГА „Перспектыва”. Падчас яго было заяўлена, што занятыя ў раздробным гандлі таварамі лёгкай прамысловасці ІП маюць намер дамагацца у 2019 годзе сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. Кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай 23 студзеня старшыня грамадскага прадпрымальніцкага аб’яднання Анатоль Шумчанка перадаў калектыўны зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай арганізаваць такі форум. Зварот падпісалі амаль 7 тысяч ІП з 25 гарадоў Беларусі.

Прадпрымальнікі просяць кіраўніка дзяржавы: увесці мараторый на падаванне поўнага пакета абавязковых згодна з указам № 222 дакументаў „да навядзення парадку ў дакументаабароце ў РФ”; пазбавіць ІП раздробнага гандлю ад абавязку падаваць дакументы на ўвезеныя да цяперашняга часу тавары з Расеі з выплачаным за іх увазным ПДВ; вылучыць сектар раздробнага гандлёвага індывідуальнага прадпрымальніцтва ў асобную сферу рэгулявання з забеспячэннем максімальна спрошчаных умоў вядзення бізнесу.

belapan.by