Пададзена заяўка на святкаванне Дня Волі каля опернага тэатра



 Тры палітычныя арганізацыі 28 студзеня падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 25 сакавіка на пляцоўцы каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета мітынгу, прымеркаванага да Дня Волі. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

Акрамя БСДП (Грамада) заяўнікамі выступілі Аб’яднаная грамадзянская партыя і рух „За Свабоду”. Аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” як незарэгістраваная структура ў лік заяўнікаў не ўвайшоў, але з’яўляецца неафіцыйным суарганізатарам акцыі.

Паводле слоў Барысава, збор удзельнікаў плануецца з 16.00 да 17.00. Мітынг мяркуецца пачаць у 17:20.

Гэта ўжо другая заяўка, пададзеная ў Менгарвыканкам на святкаванне Дня Волі. Першую 16 студзеня падалі Партыя БНФ і „Арт Сядзіба”. Яны просяць улады санкцыянаваць правядзенне масавых мерапрыемстваў з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 24 сакавіка на стадыёне „Дынама”.

БелаПАН