Лідскай арганізацыі ТБМ – 25 гадоў
25 гадоў таму ў Лідзе ўтварылася гарадская Рада Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. За гэты час лідская суполка стала адной з буйнейшых і актыўных у краіне, зазначыў на святочным паседжанні ў Лідзе старшыня рэспубліканскай арганізацыі ТБМ Алег Трусаў.
– Гэта адно з лепшых таварыстваў. Я б сказаў, што самае лепшае. Бо тут мы выдаём газету, часопіс, тут наш друкарскі дом. Таму арганізацыя адна з самых вялікіх. І дай Бог ёй яшчэ праіснаваць 25 гадоў, папрацаваць на карысць Беларусі.
Старшыня лідскай гарадской Рады Таварыства беларускай мовы, галоўны рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік запэўнівае, што лідская арганізацыя працавала 25 гадоў і будзе працягваць працаваць у тым жа ключы, на карысць грамадства не толькі Ліды і Лідчыны, але і ўсёй Беларусі.
– Я магу адназначна сказаць, мы не здалі беларускую мову ў Лідзе. Яна тут жыве. Тут ТБМ не адзінокае, не занядбанае. Лідскае ТБМ – гэта частка грамадства. І на гэта грамадства мы працуем. Беларуская мова жывая. Яна жыве, яна развіваецца, яна будзе жыць, будзе адзінаю моваю нашага народа.
На сённяшні дзень у Лідзе дзейнічае Выдавецкі дом ТБМ, выдаецца газета “Наша слова” і штогод праводзіцца шэраг планавых і юбілейных мерапрыемстваў пад патранажам Таварыства беларускай мовы.
[Not a valid template]
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда