Урад вызначыў памеры аплаты паслуг пры правядзенні масавых мерапрыемстваў
Пастановай Савета міністраў ад 24 студзеня № 49 зацверджанае Палажэнне аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства.
Як адзначыла прэс-служба ўрада, дакумент прыняты ў адпаведнасці з законам ад 17 ліпеня 2018 года „Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у закон „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і набыў моц 26 студзеня 2019 года.
Дзеянне палажэння распаўсюджваецца на масавыя мерапрыемствы, арганізатарамі якіх з`яўляюцца прафесійныя саюзы, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб`яднанні, а таксама грамадзяне. Выключэннем з`яўляюцца мерапрыемствы, правядзенне якіх фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, а таксама выпадкі, названыя ў частках другой i трэцяй артыкула 3 закона (сходы, якія праводзяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах; пікетаванне для збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты, у дэпутаты, якое праводзіцца ў месцах, не забароненых для гэтай мэты мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі).
Пасля прыняцця мясцовым выканаўчым і распарадчым органам рашэння аб дазволе правядзення масавага мерапрыемства або пры адсутнасці забароны на яго правядзенне арганізатар не пазней за два дні да запланаванай даты правядзення мерапрыемства заключае з тэрытарыяльным органам унутраных спраў, установай аховы здароўя і арганізацыяй, якая ажыццяўляе ўборку тэрыторыі, адпаведныя дагаворы аб ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні, а таксама ўборцы тэрыторыі.
Арганізатарам масавага мерапрыемства ў адпаведнасці з заключанымі дагаворамі ажыццяўляецца аплата паслуг АУС па ахове грамадскага парадку: 3 базавыя велічыні — для мерапрыемства з колькасцю ўдзельнікаў да 10 чалавек; 25 базавых велічынь — для мерапрыемства з колькасцю ўдзельнікаў ад 11 да 100 чалавек; 150 базавых велічынь — для мерапрыемства з колькасцю ўдзельнікаў ад 101 да 1.000 чалавек; 250 базавых велічынь — для мерапрыемства з колькасцю ўдзельнікаў больш за 1.000 чалавек.
Пры правядзенні масавых мерапрыемстваў у месцах, якія не аднесеныя мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі да пастаянных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў, да згаданых памераў прымяняецца павышальны каэфіцыент 1,5.
Таксама аплачваюцца паслугі спецыялізаваных арганізацый: выдаткі на выплату заработнай платы работнікам, зыходзячы з іх катэгорыі, колькасці, часу ўдзелу ў масавым мерапрыемстве; выдаткі на выплату абавязковых страхавых узносаў работнікаў у адпаведнасці з заканадаўствам; кошт зрасходаваных на правядзенне масавага мерапрыемства прадметаў забеспячэння і матэрыялаў, у тым ліку лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння, мыйных сродкаў; ускосныя (накладныя) выдаткі спецыялізаваных арганізацый. Таксама выплачваюцца падаткі, зборы, іншыя абавязковыя плацяжы ў рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, прадугледжаныя заканадаўствам.
belapan.by