За апошнія пяць гадоў мабільная тэлефонная сувязь падаражэла амаль у два разы



За апошнія пяць гадоў (2014—2018) мабільная тэлефонная сувязь у Беларусі падаражэла ў 1,99 разу, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Пры гэтым абаненцкая плата за карыстанне сотавымі сеткамі павялічылася ў 2,42 разу, тэлефонныя размовы, адпраўка SMS-паведамленняў, мабільны доступ у інтэрнэт (уключаны ў статыстыку ў 2017 годзе) падаражэлі ў 1,76 разу.

Фіксаваная гарадская тэлефонная сувязь падаражэла ў 3,34 разу. Плата за карыстанне тэлефонам павысілася ў 3,71 разу, пачасовая плата за мясцовыя размовы — у 2,82 разу, плата за міжгароднія і міжнародныя размовы — у 1,86 разу.

Кошт сотавых тэлефонаў (з 2017 года Белстат адсочвае цэны на смартфоны) зменшыўся за пяць гадоў на 10,87%, тэлефонных апаратаў фіксаванай сувязі — павялічыўся на 53,69%.

Спажывецкія цэны ў цэлым за 2014—2018 гады ўзраслі ў 1,59 разу.

Летась сотавая сувязь падаражэла на 5,72%, гарадская фіксаваная — на 9,33%, міжгароднія размовы — на 6,41%. Сотавыя тэлефоны патаннелі на 7,56%, кошт тэлефонных апаратаў фіксаванай сувязі павялічыўся на 1,77%. Агульны рост спажывецкіх цэн склаў 5,64%.