Крадзеж пяцігодкі



У Расеі скралі Крым. Калі вы думаеце, што паўвыспа не на месцы і кіраўнік анексаванай тэрыторыі Сяргей Аксёнаў пасыпае галаву попелам, то супакойцеся. Крым і надалей знаходзіцца на сваім акупаваным месцы. Гаворка ідзе пра палатно Архіпа Куінджы пад назвай “Ай Петры. Крым”, якое скралі з Трацякоўскай галерэі.

Палатно “Ай Петры. Крым” скралі проста падчас выставы. І гэта нягледзячы на тры ўзроўні аховы. У крадзяжы карціны падазраецца прадпрымальнік з Крыма. Паводле інфармацыі СМІ, ён проста падчас выставы выняў карціну з рамкі і сышоў. То бок, трэба меркаваць, у гэты час побач хазілі і аглядалі выставу іншыя наведнікі, якім нават у галаву не прыйшло запытацца ў чалавека, які здымаў палатно: “А што гэта вы робіце?” І самае цікавае, крадзеж адбыўся ў дзень народзінаў мастака. Вось такі падаруначак пейзажысту.

У пяцігоддзе анексіі Крыма крадзеж карціны “Ай Петры. Крым” выглядае вельмі сімвалічным. У прынцыпе, калі ўзяць падзеі апошніх гадоў, то можна не разглядаць крадзеж “Крыма” злачынствам. Ну, а што! Чаму адным можна, а іншым не. Чаму кіраўніцтву Расеі можна забіраць Крым, а нейкаму чалавеку – не. Нават болей: там цэлую паўвыспу адцяпалі, а тут усяго толькі палатно.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ