На мяжы затрыманы кантрабандныя ветэрынарныя прэпараты
Каля 130 адзінак ветэрынарных фармацэўтычных прэпаратаў затрымалі супрацоўнікі польскай мытні на памежным пераходзе ў Баброўніках.
48-гадовы грамадзянін Беларусі схаваў кантрабанду ў легкавым аўтамабілі “Фольксваген”, якім ехаў праз беларуска-польскую мяжу. Каментуе супрацоўнік Адміністрацыйна-падатковай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі:
– Выявілі 127 шпрыцаў і ін’екцыйных лекаў, якія змяшчаюць антыбактэрыйныя і супрацьзапаленчыя прэпараты для жывёл. Чалавек схаваў іх у некалькіх месцах сваёй машыны – у шафках, аптэчцы і выемцы для запаснога кола. У сувязі са спробай кантрабанды супрацоўнікі з Баброўнікаў пачалі крымінальную справу ў дачыненні да беларуса. Мужчыну чакае штраф.
Мытнікі таксама скіравалі справу беларуса ў паліцыю.
Яго падазраюць у парушэнні фармацэўтычнага закона Польшчы, які рэгулюе абарот лекавых сродкаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота kas.gov.pl