Пачата праца над энцыклапедыяй пра Уладзіміра Караткевіча



Выдавецтва „Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” упершыню створыць энцыклапедыю пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, паведаміў журналістам дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч.

„Уладзіміра Караткевіча шмат чытаюць нашы грамадзяне, асабліва моладзь, мы вырашылі выдаць энцыклапедыю пра яго. Хутчэй за ўсё, яна стане пачаткам стварэння серыі персанальнай энцыклапедыі з працоўнай назвай „Літаратары нашых сучаснікаў”. Бо місія нашага выдавецтва – на аснове нацыянальнага паказаць Беларусь, якая займае дастойнае месца ў свеце „, – падкрэсліў дырэктар выдавецтва.

Ён таксама адзначыў, што ў мінулым годзе галоўным дасягненнем выдавецтва стала завяршэнне працы над трохтомнай персанальнай энцыклапедыяй „Янка Купала”. „Такога выдання, якое тычылася б пісьменнікаў ці дзяржаўных дзеячаў, яшчэ не было ў нашай краіне. Гэта першае ў гісторыі кнігавыдавецтва такое маштабнае даследаванне жыцця і дзейнасці нашага класіка. У гэтым годзе мы вырашылі стварыць слоўнік гэтай энцыклапедыі”, – распавёў Уладзімір Андрыевіч.

zviazda.by