Пра спрэчную недатыкальнасць сталічнага статуса



Егіпецкае выданне Egypt Independent паведамляе пра планы пераносу сталіцы дзяржавы. Цягам некалькіх гадоў, пачынаючы з 2019-га, будзе адбывацца перавод міністэрстваў і чыноўніцкага апарату ў населены пункт, які будуецца ў 50 км ад Каіра. Улады Егіпта заяўляюць, што асноўнай мэтай пераносу сталіцы з’яўляецца перанаселенасць Каіра, дзе ў цяперашні момант пражываюць амаль 20 мільёнаў чалавек. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ініцыятыва прэзідэнта Абдул Фатаха аль-Сіры абумоўленая імкненнем ізаляваць цэнтр улады ад магчымых масавых пратэстаў у будучыні.

Перанос сталіцы з аднаго гораду ў іншы – не такая ўжо рэдкая практыка, як магло б здавацца. У гісторыі чалавецтва мноства прыкладаў, калі манархі, прэзідэнты альбо парламенты ініцыявалі перанос адміністрацыйных цэнтраў па розных прычынах. У асноўным яны кіраваліся простай матывацыяй: захаванне ўлады альбо развіццё адсталых рэгіёнаў. Будучы бацька турэцкай нацыі Мустафа Кемаль перанёс сталіцу з часова акупаванага войскамі Антанты і чужога цюркам па духу Канстанцінопаля ў правінцыйную Анкару. Газета “The Times” у 1923 годзе пісала, што “нават турэцкія шавіністы прызнавалі нязручнасці жыцця ў новай сталіцы, дзе на ўвесь горад паўтузіна электрычных лампачак, у дамах амаль няма вады, якая цячэ з крана, дзе асёл ці кабыла прывязаныя да краткі маленькага доміка, які служыць Міністэрствам замежных справаў”. Зрэшты, праз некалькі дзесяцігоддзяў, дзякуючы сталічнаму статусу Анкара неўзабаве стала буйным адміністрацыйным, культурным і палітычным цэнтрам з сучаснай інфраструктурай.

У 1960 годзе левацэнтрысцкі прэзідэнт Жуселіна Кубічэк ды Алівейра пасадзейнічаў пераносу сталіцы з Рыа-Ды-Жанейра ў горад Бразіліа. Гэтыя пераўтварэнні ў Бразіліі адбываліся з мэтай пераарыентацыі міграцыйных плыняў і паляпшэння сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры ўнутры краіны.

На постсавецкай прасторы ёсць таксама свежыя прыклады пераносу сталіцы, якія ў істотнай ступені палепшылі сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў рэгіёнах. У 1997 годзе рашэннем прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева сталіцай рэспублікі стаў горад абласнога статуса Акмала, які знаходзіцца на поўначы рэспублікі. Кіраўніцтва дзяржавы абгрунтавала перавод органаў улады з Алма-Аты выключна экалагічнымі пытаннямі. Маўляў, Алма-Аты вычарпала ўсе магчымасці развіцця, знаходзіцца ў сейсмічна небяспечнай зоне і нясе пагрозу для экалогіі. Насамрэч жа, паводле меркаванняў экспертаў, казахскія ўлады кіраваліся выключна геапалітычнымі пытаннямі, спрабуючы нівелявааць патэнцыйны канфлікт паміж цюркамоўным поўднем і рускамоўнай поўначчу. Перанос сталіцы ў Акмалу ўзмацніў казахстанскую прысутнасць у прыпамежных з РФ рэгіёнах, паспрыяў развіццю дэпрэсіўных тэрыторый.

Выпадак Беларусі, дзе пятая частка насельніцтва, цэнтральныя органы ўлады і самы буйны бізнес сканцэнтраваныя ў Менску, сам па сабе з’яўляецца анамаліяй. Дыспрапорцыі ў насельніцтве, сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры і ва ўзроўні атрымання прыбыткаў, якія назіраюцца ў цяперашні момант ў Беларусі, нясуць у сабе пагрозы дэстабілізацыі краіны. У некаторых выпадках неабачлівая рэгіянальная палітыка Беларусі вядзе да дэпапуляцыі насельніцтва ў рэгіёнах, адсутнасці працоўных месцаў і ўзмацненню міграцыйных працэсаў. Усе гэтыя фактары – прамая рызыка для існавання Беларусі як незалежнай дзяржавы. Асабліва заўважныя супярэчнасці дынамічнага развіцця сталіцы з усходнімі рэгіёнамі краіны. Патрэба ў захаванні тэрытарыяльнай еднасці і суверэнітэту беларускай дзяржавы вымагае ад улады неадкладных рашэнняў па дэцэнтралізацыі, узмацненню мясцовага самакіравання і пераносу сталіцы ў адзін з цяперашніх абласных гарадоў на ўсходзе Беларусі. Усе тры гарады – Гомель, Віцебск і Магілёў – выдатна падыходзяць на ролю новай сталіцы, што ў істотнай ступені вырашыла б праблему адставання рэгіёнаў і перанаселенасці Менска.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ