Берасцейскі абласны суд не задаволіў позву бярозаўскіх праваабаронцаў
Яны прасілі прызнаць забарону на пікет 25 жніўня незаконнай і накіраваць справу на новы разгляд. Суддзя Святлана Слюсар пасля агалошвання рашэння папрасіла ў праваабаронцаў прабачэння і сказала, што яна на іх баку. Распавядае праваабаронца Сяржук Русецкі:
– Нібы суд не можа адмяніць рашэнне раённага выканаўчага камітэта 2010 года пра масавыя мерапрыемствы. Хоць, згодна з заканадаўствам Беларусі, прыняццё пастановы Савета міністраў №207 аўтаматычна павінна была адмяніць гэты пункт у рашэнні райвыканкама, што юрыдычная служба выканкама не зрабіла.
Паўтара года праваабаронцы змагаюцца з Бярозаўскім райвыканкамам за змену рашэння правядзенняў масавых мерапрыемстваў згодна пастановы Савета міністраў. Першае змененае рашэнне не прайшло юрыдычную экспертызу. Зараз юрыдычнай службай і ідэолагамі распрацоўваецца другое.
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза