СБУ апублікавала імёны двух беларускіх наёмнікаў у Судане



Служба бяспекі Украіны абнародавала дадзеныя двух беларускіх наёмнікаў, якія ваююць у Афрыцы ў складзе „пазаштатнага падраздзялення ГУ ГШ УС РФ” (галоўнае ўпраўленне генеральнага штаба Узброеных сіл Расеі) пад назвай ПВК (прыватная ваенная кампанія) Вагнера.

Гаворка ідзе пра 38-гадовага Аляксея Бярговіна з Менска і 29-гадовага Аляксандра Ступніцкага з Оршы (Віцебская вобласць). Паводле дадзеных СБУ, яны былі перакінутыя ў Судан. Усяго са жніўня па снежань 2018 года ў Афрыку на ратацыйнай аснове было адпраўлена 1.012 наёмнікаў, „чые білеты, персанальныя і пашпартныя дадзеныя сёння знаходзяцца ў распараджэнні Службы бяспекі Украіны”.

28 студзеня СБУ апублікавала першы спіс са 149 асоб, „якія прымалі непасрэдны ўдзел у задушэнні дэмакратычных пратэстаў у Судане ў пачатку 2019 года”. Пераважная большасць дакументаў афармлялася цэнтралізавана ў Маскве падраздзяленнем Федэральнай міграцыйнай службы РФ, адзначаецца ў рэлізе.

Украінскі недзяржаўны Цэнтр даследавання прыкмет злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны, міру, бяспекі чалавецтва і міжнароднага правапарадку „Міратворац” паведамляе, што Аляксей Бярговін з’яўляецца ўраджэнцам Горак (Магілёўская вобласць). Прафесійны баксёр, у 2006 годзе быў у спартыўным камітэце Узброеных сіл Беларусі. У 2016 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці „Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве” (кваліфікацыя эканаміст-менеджар). З’яўляецца „членам бандфарміравання, якое называе сябе 5-й БТГр ус днр, а менавіта: сяржант, камандзір 1-га аддзялення, 3-га ўзвода 5-й роты” (БТГр — батальённая тактычная група, уз днр — узброеныя сілы самаабвешчанай „данецкай народнай рэспублікі”, якую ўкраінскія ўлады разам з т.зв. луганскай народнай рэспублікай лічаць тэрарыстычнай групоўкай). Уключаны ў базу „Міратворца” 30 красавіка 2017 года. У базе дадзеных ёсць спасылка на старонку Бярговіна ў сацыяльнай сетцы „Аднакласнікі”, але самой старонкі няма.

Аляксандр Ступніцкі ўключаны ў базу сайта 15 мая 2018 года. Названы „расейскім наёмнікам”, „баевіком НУФ” (незаконнае ўзброенае фарміраванне), „агентам або пазаштатным супрацоўнікам ГУ ГШ РФ”, „баевіком ПВК Вагнера”. Разведчык-сувязіст. Служыць у „1 аддзяленні 1 РШУ 1 РШР” (разведвальна-штурмавы ўзвод, разведвальна-штурмавая рота). Указаны дадзеныя пашпарта і месца прапіскі ў Оршы, а таксама спасылкі на старонкі Ступніцкага ў „Аднакласніках” (прозвішча іншае — Малікаў, але сугучнае з пазыўным Малік; апошні візіт 13 жніўня 2017 года), „УКантакце” (выдаленая), на профілі жонкі ў „Аднакласніках” (жанчына з іншым прозвішчам, апошні візіт у лютым 2017 года; яшчэ адна старонка выдалена) і „УКантакце” (старонка „замарожаная” з-за „падазронай актыўнасці”, уладальнікам названы нейкі Кірыл Капусцін), а таксама на профіль маці ў „Аднакласніках” (апошні візіт 29 студзеня гэтага года).

26 ліпеня 2018 года СБУ паведаміла пра 11 беларускіх грамадзян, якія ваявалі ў складзе ПВК Вагнера ў Сірыі. Шэсць беларускіх баевікоў, паводле дадзеных службы, у лютым 2018 года ўдзельнічалі ў няўдалай спробе захопу нафтаперагоннага завода ў правінцыі Дэйр-Эз-Зор. Тады ПВК панесла сур’ёзныя страты, патрапіўшы пад удар амерыканцаў. Раненні атрымалі і беларускія наёмнікі.

„Мы перадалі гэтую інфармацыю нашым партнёрам, бо наёмніцтва іх грамадзян у ПВК Вагнера — злачынства згодна з заканадаўствам”, — заявіў тады кіраўнік апарату кіраўніка СБУ Ігар Гуськоў. Усяго, паводле інфармацыі ведамства, у тым баі загінула не менш за 80 і было паранена амаль 100 наёмнікаў ПВК.

14 студзеня 2016 года Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад сілавікоў „імгненна разабрацца” з беларускімі грамадзянамі, якія ўдзельнічаюць у канфлікце ва Украіне з абодвух бакоў. Як адзначыў Лукашэнка, яму вядома, што „некаторыя так званыя смелыя людзі, баевікі, якія ваявалі ў Данбасе, пазіруюць ужо ў Менску са зброяй”. „Ніякіх пазёраў, ніякіх баевікоў у краіне быць не павінна”, — сказаў афіцыйны лідар.

3 мая 2016 года ў Беларусі набылі моц папраўкі ў заканадаўства, якія ўстанаўліваюць адказнасць за экстрэмізм і ўдзел у баявых дзеяннях за мяжой.

16 лістапада 2017 года жыхар Рэчыцы (Гомельская вобласць) атрымаў два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за ўдзел „на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзел ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без ўпаўнаважання дзяржавы”. Паводле неафіцыйных дадзеных, мужчына ваяваў на баку сепаратыстаў т.зв. ДНР.

belapan.by

Фота ssu.gov.ua