Палітвязень Павел Грыб на мяжы жыцця і смерці



Украінцу Паўлу Грыбу, які знаходзіцца ў расейскім ШІЗА, тэрмінова патрэбная аперацыя на сэрцы. Пра гэта ў сваім фэйсбуку заявіла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Людміла Дзянісава.

Амбудсмэн падкрэсліла, што лекары абследавалі Грыба і дыягнаставалі цэлы шэраг сур’ёзных хваробаў. „Па той інфармацыі, якая ёсць, ФКУ СИЗО-4 ГУФСИН Расеі па Растоўскай вобласці, дзе ўтрымліваецца Павел Грыб, недаацэньвае крытычны стан хлопца і ігнаруе яго цяжкія захворванні. Грыб не забяспечваецца паўнацэнным медыкаментозным лячэннем, і гэта вядзе да абвастрэння хваробаў. Таксама негатыўны ўплыў на стан здароўя вязня Крамля робяць умовы ўтрымання, стрэсавыя сітуацыі і непаўнавартаснае харчаванне”, – расказала Дзянісава.

Яна паведаміла, што звярнулася да кіраўнікоў міжнародных арганізацый, а таксама да дыпламатычных прадстаўніцтваў у Растове-на-Доне і папрасіла іх спрыяць прадастаўленню Грыбу неадкладнай медыцынскай дапамогі. Напомнім, што 24 жніўня 20-гадовы інвалід Павел Грыб, грамадзянін Украіны, быў выкрадзены 24 жніўня 2017 года ў Беларусі ў Гомелі і затрыманы расейскімі ўладамі без якіх-небудзь дакладных абвінавачванняў. Пра знікненне на тэрыторыі Беларусі Паўла Грыба заявіў 28 жніўня 2017 года яго бацька, чалец грамадскага савета Дзяржпагранслужбы Украіны Ігар Грыб. Павел Грыб адправіўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай Таццянай Яршовай, з якой пазнаёміўся і меў зносіны толькі ў сацсетках. Дзяўчына нібыта павінна была прыехаць на сустрэчу з Расеі. Малады чалавек планаваў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька выехаў на яго пошукі ў Гомель, дзе высветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 Крымінальнага кодэкса Расеі (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з’яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (Сочы). Яршова пазней прызналася журналістам, што сустрэча была ініцыяваная ФСБ.

У верасні 2017 года прадстаўнік украінскага МЗС паведаміў, што зніклы ў Беларусі Павел Грыб знаходзіцца ў СІЗА Краснадара.

У ліпені 2018 года ў Растове-на-Доне пачаўся судовы працэс над Грыбам. Ён сваю віну не прызнаў. Суд адправіў абвінавачвальнае заключэнне на дапрацоўку.

15 лістапада 2018 года суд паўторна пачаў разгляд справы. Грыб зноў заявіў пра сваю невінаватасць і адмовіўся даваць сведчанні.

18 снежня ўкраінскі лекар, доктар медыцынскіх навук, прафесар Васіль Прытула заявіў, што захворванне Грыба прагрэсуе і гэта крытычна небяспечна для яго жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя