Берасцейскі снегавік атрымаў адну базавую штрафу
У судзе Берасцейскага раёна 30 студзеня прайшоў суд над Юліяй Нічыпарук, якую абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні за тое, што павесіла ўлёткі і налепкі на снегавікоў, якіх зляпілі яе дзеці.
Суддзя Сяргей Маручак прызнаўяе вінаватай па ч.1 арт. 23.34 КаАП і аштрафаваў яе на 25,5 рублёў.
Юлія Нічыпарук у судзе казала, што да з’яўлення акумулятарнага завода ўвогуле ніколі ні ў якіх акцыях не ўдзельнічала, жыла звычайным жыццём. Яе сям’я збудавала дом, за 2 кіламетры ад якога і пачалі будаваць завод.
Яна не лічыць сябе вінаватай: „Дзеці папрасілі упрыгожыць снегавікоў, што было – то і наляпілі. Сэнс ўлётак і налепак адлюстроўвае наша стаўленне да завода. Мы катэгарычна супраць будовы завода ў гэтым месцы. З пратаколам не згодна, бо гэта не было масавым мерапрыемствам і пікетаваннем. Загадзя да іх не рыхтаваліся”.
Але негледзячы на гэта суд прызнаў яе вінаватай у «несанкцыянаваным пікеце». З улікам таго, што яна з’яўляецца маці двух непаўнагадовых дзяцей і ўпершыню здзяйсняе правапарушэнне, суддзя пакараў яе штрафам у памеры 1 базавая велічыня (25,5 рублёў).