У Гародні – курс для аматараў назірання за птушкамі



У Гародні распачаўся набор на курс для тых, хто хоча спачатку вызначаць птушак навокал сябе, а потым – пачаць спецыяльна ездзіць і назіраць за імі, але, галоўнае, атрымліваць задавальненне ад гэтага.

Пра будучы курс распавядае яго выкладчык , рэдактар сайта “Птушкі Штодня” Зміцер Вінчэўскі:

– Многія людзі, напэўна, цікавяцца тымі птушкамі, якіх бачаць побач з сабой, у горадзе, на лецішчы, падчас шпацыраў па лесе. Але мала хто з іх ведае, што гэта за птушкі, чаму яны там, шо з імі цікавага адбываецца. Таму мы вырашылі, што такія курсы, каб сапраўды пачаць правільна разумець, хто жыве побач з намі, чаму яны там, будуць запатрабаваныя.

Зміцер Вінчэўкі аднак заўважыў, што гэтыя курсы – толькі для тых, каму больш за 18 год:

– Курсы пачнуцца пасля таго, як атрымаецца набраць групу. Яна невялікая – 10-15 чалавек плануецца. Там ёсць такая замануха, што гэта толькі для дарослых. Насамрэч, там нічога спецыфічнага для дарослых няма. Гэта з-за таго, што Студыя карысных кампетэнцый, з якой мы гэты курс прадстаўляем, займаецца дадатковай адукацыяй менавіта дарослых.

Падобныя курсы стала ладзяцца ў Менску, былі ў Баранавічах і на Гомельшчыне, аднак ў Гародні яны пройдуць упершыню.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня