Пра 30%-ую квоту нацыянальнага кантэнта



У раённай газеты “Калійшчык Салігорска” зорны час. Карэспандэнтка выдання, рыхтуючы сухую зацемку пра ідэалагічную нараду з кіраўнічкай Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай, нечакана выдала сенсацыю пра тое, што “пастаўленая задача пра наяўнасць не менш 30% кантэнту айчынных тэлеканалаў на беларускай мове”. І тут панеслася. Нацыянальна арыентаваная аўдыторыя адрэагавала на такую навіну з энтузіязмам. Маўляў, нарэшце, у Беларусі ўлады заклапаціліся інфармацыйнай бяспекай і станам роднай мовы! У Расеі ж публікацыю раёнкі “Калійшчык Салігорска” ўспрынялі з абурэннем. Шэраг беларусафобскіх парталаў апублікавалі з гэтай нагоды тэксты пра тое, што ў Беларусі ўзяты курс на нацыяналізм і вылілі з гэтай нагоды на нашую дзяржаву гігабайты рытуальных праклёнаў.  

Пасля бурнай рэакцыі грамадства на навіну пра 30%-ую квоту на беларускую мову ў тэлеэфіры выказалася прэс-сакратарка кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. У каментары для Радыё Свабода яна зазначыла, што пад лічбай 30% маецца на ўвазе не беларускамоўная прадукцыя, а нацыянальны кантэнт (фільмы і перадачы, створаныя ў Беларусі). Як вынікае з гэтага адказу, нацыянальным кантэнтам можа быць хоць кітайскамоўная прадукцыя, але пры ўмове, што яна стваралася на тэрыторыі РБ.

Па такім жа прынцыпе некалі рэалізоўвалася 75%-ая квота на беларускіх выканаўцаў, якія мусілі гучаць у эфіры беларускіх радыёстанцый. На практыцы ж гэтае патрабаванне выявілася не ў павелічэнні эфірнага часу для беларускіх аўтараў, а да падмены паняткаў, калі адказныя за напаўненне радыёэфіра выконвалі пастанову тым, што шукалі “беларускія карані” ў Дыяны Арбенінай, Уладзіміра Кузьміна і многіх іншых рускамоўных творцаў. А што да беларускамоўных гуртоў і спевакоў, то яны збольшага працягвалі існаваць ва ўмовах андэграўнда і малой запатрабаванасці. Праз нейкі час гэтая квота на беларускіх выканаўцаў была скасаваная.

Імкненне ўладаў Беларусі павялічыць долю прысутнасці нацыянальнага кантэнту абумоўленае цалкам зразумелым жаданнем узмацніць кантроль за інфармацыйнай сферай. Пры гэтым пытанне нацыянальнага адраджэння, як не ставілася раней, так і не актуалізуецца цяпер. Гэта выключна інструмент для абароны сваёй улады, а не клопат пра беларускую мову як неад’емны складнік нацыянальнай ідэнтычнасці.

Палахлівая рэакцыя вышэйшых чыноўнікаў на раздражненне расейскіх адыёзных публіцыстаў паказвае, што афіцыйны Менск імкнецца ўсімі сродкамі паказаць, што ніякага павароту да беларусізацыі ў краіне не адбываецца. Гэтая пазіцыя дэманструе ступень ментальнай залежнасці цяперашніх каляўладных эліт ад гаспадароў Крамля. Па сутнасці, кіраўніцтва незалежнай краіны апынулася ў закладніках уласнай палітыкі, калі дзеля вырашэння тактычных задач па захаванні ўлады вынішчалася пад корань усё нацыянальнае, ствараліся перашкоды для прасоўвання і абароны беларускай мовы. І гэтая палітыка прынесла, нарэшце, свой плён, калі ўлады Беларусі баяцца нават пайсці на такі сімвалічны крок як павелічэнне кантэнту на беларускай мове хаця б да 30%.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ