Суд над галоўным рэдактарам tut.by пачнецца 12 лютага



Справу разгледзіць суд Заводскага раёна Менска, працэс будзе весці суддзя Аляксандр Петраш, паведамляе партал tut.by.

Хутчэй за ўсё, пасяджэнні будуць праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна Менска, дзе ёсць больш прасторныя памяшканні, паведамляла раней у „Фэйсбуку” афіцыйны прадстаўнік Вярхоўнага суда Юлія Ляскава. Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі будуць судзіць галоўнага рэдактара СМІ па абвінавачанні ў злачынстве, звязаным з прафесійнай дзейнасцю.

Золатава засталася адзінай абвінавачванай па „справе БелТА”, астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаны кампенсаваць выстаўленую шкоду. Сумы — ад 3 тыс. да 17 тыс. рублёў.

Золатаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Першапачаткова Золатава таксама падазравалася па ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі) КК. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. З усіх падазраваных Золатава — адзіная, як высветліла следства, хто не ажыццяўляў доступ да платных матэрыялаў БелТА. Крымінальны пераслед па гэтым артыкуле ў дачыненні да Золатавай быў спынены „ў сувязі з неўчыненнем злачынства”.

СК двойчы адмовіў Золатавай у задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле 86-га артыкула Крымінальнага кодэкса.

7 жніўня 2018 года ў офісах кампаній tut.by і БелаПАН прайшлі вобыскі і затрыманні. Былі затрыманыя Марына Золатава, рэдактары партала tut.by Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт „Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайта газеты „Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

belapan.by

Фота TUT.BY