Святлана Калінкіна: Наўрад ці штосьці зменіцца ў правядзенні выбараў



Для Аляксандра Лукашэнкі найлепшы сцэнар, каб выбараў не было, кажа аналітык. У апазіцыйных колах працягваюцца дыскусіі адносна электаральных кампаній у 2020-ым годзе. Прэзідэнцкія і парламенцкія выбары павінны прайсці амаль адначасна, паміж імі прамежак толькі тыдзень. Улады пакуль не агучылі даты выбараў, існуе два варыянты: альбо сумесна, альбо ў розныя гады. Які лепшы для Аляксандра Лукашэнкі? Ён марыць, каб яго выбіраў парламент з раней абраных дэпутатаў, заўважае палітычны аналітык і журналіст Святлана Калінкіна:

– Гэта для яго найлепшы сцэнар. Дарэчы ён агучваўся, што можа быць праведзены рэферэндум змены Канстытуцыі. Я думаю, што Лукашэнка на гэтую тэму разважае. Але для яго адыйсціся назад, каб не мець права казаць, што мяне абраў народ, гэта вялікі і рызыкоўны крок. Хаця на самой справе многія краіны пераходзяць на парламецкую форму кіравання. Гэта сур’ёзная палітычная рэформа.

І калі такая рэформа правільна ідзе – гэта важны крок да дэмакратыі, кажа Святлана Калінкіна, – але ў Беларусі такі сцэнар малаверагодны. Таму, паводле яе, хутчэй за усё – парламенцкія выбары нас чакаюць у канцы 2019-га году, а прэзідэнцкія ў наступным.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя