Суд адхіліў скаргу актывісткі Вольгі Крапоцінай
„Нельга назваць гэта судом”, – сказала грамадская актывістка Вольга Крапоціна пасля разгляду касацыйнай скаргі ў абласным судзе Гародні. Суддзя Аляксандр Козел пакінуў без зменаў суму штрафу ў памеры 30 базавых велічыняў. Парушэнні працэсуальнага права, а таксама неадпаведнасць артыкулаў абвінавачвання з фактамі судом былі праігнараваны.
Кажа Вольга Крапоціна:
– Для мяне гэта і пасяджэннем не было, бо суддзя нічога не вырашаў, а толькі паўтарыў тое рашэнне, якое прыняў суддзя Бубенчык – судом гэта назваць нельга, гэта абсурд. Адзін аргумент, які ў мяне быў – гэта цытаванне Закона „Аб сродках масавай інфармацыі” згодна з якім прадукцыя сродкаў масавай інфармацыі – гэта тое, што выпускаюць СМІ. Мае ўлёткі ну ніяк нельга лічыць прадукцыяй сродкаў масавай інфармацыі, таму адпаведна норма закона, якую я нібы парушыла, яна не можа быць прыменена да мяне.
Вольга Крапоціна была аштрафавана судом за тое, што на пярэднім шкле аўтамабіля з расейскімі нумарамі пакінула ўлётку ў падтрымку тэрытарыяльнага адзінства Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня