Вялікі тэатр плануе паказаць у Берасці балет да 1000-годдзя горада



Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета плануе паказаць у Берасці балетны спектакль, які будзе прымеркаваны да тысячагоддзя горада.

Берасце стане адным з гарадоў, куды трупа тэатра адправіцца на гастролі. Чакаецца, што майстэрства артыстаў балета жыхары і госці абласнога цэнтра змогуць убачыць у другой палове года. „Тысячагоддзе горада – цудоўная дата. Хочам парадаваць брастаўчан, каб яны пранікліся мастацтвам балета. Вядуцца перагаворы па гэтым пытанні”, – адзначыў мастацкі кіраўнік балета Вялікага тэатра Юрый Траян.

Першым жа горадам у гастрольным графіку Тэатра оперы і балета ў 2019 годзе стаў Пінск. У гарадской дзіцячай музычнай школе мастацтваў адбыўся творчы вечар лаўрэата міжнародных конкурсаў Наталлі Акінінай (мецца-сапрана).

У філіяле Вялікага тэатра ў Магілёве 13 лютага гледачы змогуць убачыць балет „Бахчысарайскі фантан”. На 23 лютага намечана канцэртная праграма ў тэатры драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча. У падарунак бабруйчанам у Дзень абаронцаў Айчыны сталічныя артысты рыхтуюць нумары ў жанры опернага і балетнага мастацтва. У Магілёўскай абласной філармоніі з канцэртам „Музыка нашага кіно” 26 лютага выступяць струнны квінтэт „Серэнада”, народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў Наталля Акініна, Таццяна Траццяк і Аляксандр Міхнюк. А 3 сакавіка ў Віцебскім абласным драматычным тэатры пройдзе гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню.

Цяпер распрацоўваецца план гастролей на другое паўгоддзе – у Гомелі, Наваполацку, Барысаве і іншых гарадах Беларусі. Вядуцца перагаворы аб правядзенні ў Брэсце вечара рамансаў з удзелам артыстаў аркестра пад кіраўніцтвам дырыжора Івана Касцяхіна. „Геаграфія гастролей пастаянна пашыраецца. Разумеючы, што не ва ўсіх ёсць час і магчымасць наведваць тэатр у сталіцы, мы прыязджаем не толькі ў буйныя гарады, але і невялікія населеныя пункты”, – адзначыла начальнік службы культурна-прэзентацыйнай дзейнасці тэатра Валянціна Мажароўская.

zviazda.by