Ганна Красуліна атрымала права на жыхарства ў Беларусі



Прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна атрымала права на жыхарства ў Беларусі.

Як паведаміла Красуліна БелаПАН, права на жыхарства аформленае з 25 студзеня. У сакавіку яна плануе пачаць працэдуру атрымання беларускага грамадзянства. „Чаму ў сакавіку, а не адразу? Рэч у тым, што 23 сакавіка мінае год з моманту атрымання мною адміністрацыйнага штрафу за безбілетны праезд, — растлумачыла яна. — Гэта значыць, за мной не будуць лічыцца адміністрацыйныя штрафы, і ў камісіі, якая будзе разглядаць пытанне пра грамадзянства, не будзе прычын для адмовы”.

Красуліна — грамадзянка Расеі, аднак з 2002 года пастаянна жыве ў Беларусі: тут у яе муж, двое дзяцей і бацькі. 13 лістапада мінулага года УУС Маскоўскага раёна Менска прыняло рашэнне пра выдварэнне Красулінай з краіны „ў інтарэсах грамадскага парадку”. Ёй было загадана пакінуць Беларусь да 30 лістапада. Падставай для такога рашэння сталі тры адміністрацыйныя штрафы: два — за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях ў 2016 і 2017 гадах, адзін — за не аплачаны своечасова праезд у грамадскім транспарце ў 2018 годзе. Усе штрафы былі выплачаныя.

Справа аб высылцы Красулінай атрымала шырокі грамадскі рэзананс. 19 снежня рашэнне УУС было адмененае судом Маскоўскага раёна.

БелаПАН