Лукашэнка патрабуе прыбраць усё лішняе з праграм школ і ВНУ
У адукацыйных праграмах школ і ВНУ павінна застацца толькі самае патрэбнае, заявіў Аляксандр Лукашэнка 1 лютага, заслухоўваючы даклад пра перспектывы развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі.
На нарадзе прысутнічалі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, міністр адукацыі Ігар Карпенка, рэктар БДУІР Вадзім Богуш, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук, а таксама дырэктар менскай гімназіі №10 старшыня Беларускага педагагічнага таварыства Марына Ільіна, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
„Мы дамовіліся, што пачынаючы са школьных праграм і заканчваючы вузаўскімі, дзе толькі магчыма, памяняем гэтыя праграмы, прыбярэм усё лішняе, пакінем патрэбнае, — сказаў Лукашэнка. — І крытэрам тут будзе наша жыццё, рэчаіснасць, якая будзе патрабаваць ад будучага спецыяліста тых ці іншых навыкаў, тых ці іншых ведаў”.
Паводле яго слоў, ён бачыць усе недахопы школьнай праграмы, паколькі яму даводзіцца сутыкацца з ёй кожны дзень. „Падобна на тое, што матэматыкаў адных толькі рыхтуем, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Давайце казаць адкрыта, не хачу быць рэтраградам: нам, напэўна, менш за ўсё ў краіне трэба матэматыкаў. Паняцці ў матэматыцы [у школьнікаў] павінны быць, таму што мы ў жыцці заўсёды сутыкаемся з матэматыкай. Але ў вялікіх матэматыках патрэба меншая за ўсё”.
„У школе матэматыку пачынаем выкладаць так, што адпужваем дзяцей ад гэтай матэматыкі, ад вучобы. Я не хачу, каб матэматыкі пакрыўдзіліся на мае развагі, я нічога дрэннага пра іх не сказаў. Але яшчэ раз паўтараю: матэматык — гэта рэдкасць. Давайце рыхтаваць матэматыкаў дзесьці на факультатыве, але ў асноўным у ВНУ. А мы пачынаем універсітэцкія праграмы перакідваць у школу. Навошта вы гэта робіце?” — пацікавіўся Лукашэнка.
У якасці іншага прыкладу ён прывёў біялогію. „Нядаўна я паглядзеў, як у восьмым класе вывучаюць біялогію: слухайце, паўкурса — чарвякі! — абурыўся Лукашэнка. — Будова, жыццядзейнасць і што трэба зрабіць чарвяку, каб ён быў паразітам. Ну, адкажыце мне на гэтае пытанне… Ладна, для прасунутых хай будзе. Так, трэба ведаць пра гэтую істоту, але навошта яе скурпулёзна вывучаць? Калі ты будучы біёлаг, калі біялогію ўзяў за аснову, так, гэта трэба. Але колькі такіх у нас? Вось у чым праблема”.
На думку Лукашэнкі, падручнікі неабходна абнаўляць у адпаведнасці з новымі праграмамі, бо „гэта ікона, гэта святое”. „Я як педагог па адукацыі стаўлюся да падручніка, як да іконы, нават у сучасным жыцці, калі кніга не стала патрэбнай, надзённай для людзей: інтэрнэт і іншае… Адно іншае, праўда, не выключае. Але для мяне кніга як была іконай, так і засталася. А падручнік на парадак вышэйшы, чым звычайная кніга, нават самая каштоўная. І нам з гэтых пазіцый трэба было падысці да падручнікаў, перш за ўсё ў школе”, — перакананы кіраўнік дзяржавы.