У РФ за 1 еўра ўжо даюць 100 рублёў (абноўлена)
Расейскі рубель сёння працягнуў сваё падзенне. На Маскоўскай валютна-фондавай біржы курс еўра дасягнуў 100 рублёў, пры гэтым адзін даляр каштаваў 80 рублёў.
Уначы расейскі Цэнтрабанк адразу на 6,5% павысіў стаўку рэфінансавання, спрабуючы спыніць падзенне курсу расейскага рубля.
Абвал расейскага рубля ўжо адбіваецца на беларускай эканоміцы, кажа беларускі эканаміст Леанід Заіка:
– Беларускія тавары будуць менш канкурэнтныя, а спажыўцы могуць ехаць пакупаць кватэры цяпер у Расеі, аўтамабілі новыя – гэта выгадна, цэны практычна ўжо ў два разы апусціліся на расейскім рынку, але гэта часовая з’ява – месяц, два, паўгады. А тое, што датычыць вытворцаў, прадпрыемстваў, то канешне ім давядзецца падскокваць, бо для іх складаная сітуацыя.
Паводле эканаміста, беларускі ўрад таксама будзе вымушаны праводзіць дэвальвацыю беларускага рубля, каб спыніць негатыўны ўплыў расейскага крызісу на беларускую эканоміку.
Як паведамлялася, раніцай 16 снежня курс еўра перавысіў 79 рублёў на Маскоўскай біржы ў аўторак.
15 снежня курс даляра на таргах Маскоўскай біржы вырас на 4,85 рубля ў параўнанні з узроўнем папярэдняга закрыцця і дасягнуў адзнакі 63,03 рубля.
Еўра дасягнуў адзнакі 78,48 рубля.
У прэс-службе прэзідэнта Расеі ў сваю чаргу, заявілі, што Уладзімір Пуцін рэгулярна кантактуе з расейскім урадам, але спецыяльных сустрэч пакуль не плануецца.
„Пуцін знаходзіцца ў пастаянным кантакце з расейскім урадам. Неабходнасці склікаць адмысловую сустрэчу з прэзідэнтам няма”, – паведаміў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў агенцтву Bloomberg, адзначаюць РИА Новости.