Супраць блогера Сяргея Пятрухіна пачатыя дзве крымінальныя справы



“Берасцейскі міжраённы аддзел Следчага камітэта накіраваў у пракуратуру горада Берасця пастанову аб дзвюх крымінальных справах у адносінах блогера Сяргея Пятрухіна. Яго вінавацяць у артыкулах “Паклёп” і “Абраза” Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а абедзве справы аб’яднаны ў адну вытворчасць, як паведамляе грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Пра тое, якога развіцця падзей чакаць, кажа сам Сяргей Пятрухін:

– Гэтая справа цалкам надуманая, асабліва паклёп. З абразай таксама вялікія пытанні. Я не ведаю, што яны надумалі. У такой краіне, як наша, пасадзіць мяне за краты на годзік – няма пытанняў. У прынцыпе, я гатовы да гэтага, але гэта ўсё можа распасціся, бо гэта нават смешна. Можа, яны проста запужваюць.

“Падставай для прыцягнення берасцейскага блогера да крымінальнай адказнасці сталі відэаролік, які быў зняты 23 сакавіка 2018 года ў будынку суда Ленінскага раёна Берасця, а таксама допіс у сацыяльнай сетцы 3 красавіка 2018 года. І ролік, і допіс былі датычныя дзейнасці супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Берасця, якія палічылі гэта дыскрэдытацыяй у вачах грамадскасці і знявагай годнасці супрацоўнікаў міліцыі. Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе штрафу ці папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, паведамляе БАЖ.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота БАЖ