Лукашэнка ўзмацняе патрабаванні да кадраў



Кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў будуць мець магчымасць пазбавіць работніка прэміяльных – нават тэрмінам да года. Такія нормы ўтрымлівае новы дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі, які быў апублікаваны напярэдадні.

Дэкрэт пра ўзмацненне патрабаванняў да кіруючых кадраў і працаўнікоў прадпрыемстваў, прадугледжвае фінансавыя пакаранні для рабочых і кіраўнікоў прадпрыемстваў, таксама змяняе ўмовы заключэння кароткатэрміновых кантрактаў.

„Змены, што ўводзяцца гэтым дэкрэтам могуць быць вельмі небяспечнымі”, – мяркуе старшыня Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:

– Размова ідзе не пра нейкія эканамічныя дакументы, дакумент, які будзе дзейнічаць – гэта палітычны дакумент, які скіраваны на тое, каб і кіраўнікоў і шараговых працаўнікоў трымаць на кароткім ланцужку. Канешне гэта выцякае з логікі той палітычнай сістэмы, якая адбудавана з той эканамічнай сістэмы, якая кіруецца адміністрацыйнымі метадамі. Акрамя закручвання шрубаў дзейсны рэжым напэўна нічога не можа прапанаваць краіне, таму з’яўляюцца такога кшталту адыёзныя дэкрэты.

Дзяржаўнае агенцтва Белта адзначае, што Дэкрэт № 5, прыняты Аляксандрам Лукашэнкам для пераадолення безгаспадарнасці і павелічэння дысцыпліны на беларускіх прадпрыемствах. Дакумент уступіць у сілу з 1-га студзеня 2015 года.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя