Плаціць за ЖКП па поўных тарыфах „дармаеды” не будуць да сакавіка



Плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі па поўных тарыфах не занятыя ў эканоміцы грамадзяне не будуць да сакавіка. Гэта вынікае з апублікаванага 4 лютага каментара прэс-службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Паводле інфармацыі ведамства, урад прыняў рашэнне аб дадатковым інфармаванні грамадзян аб уключэнні іх у спісы плацельшчыкаў жыллёва-камунальных паслуг, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў.

Гэтая інфармацыя будзе размешчаная ў паведамленні аб памеры платы за жыллёва-камунальныя паслугі (так званай жыроўцы) за студзень. „Пры гэтым налічэнне платы за паслугу гарачага водазабеспячэння па поўным тарыфе за студзень 2019 года зробленае не будзе”, — адзначылі ў прэс-службе.

Рашэнне прынятае для таго, каб грамадзяне, якія трапілі ў спісы, мелі дадатковую магчымасць пацвердзіць сваю занятасць або цяжкую жыццёвую сітуацыю яшчэ і ў лютым, дадалі ў Мінпрацы.

„Аднак у выпадку непадавання грамадзянамі на працягу лютага звестак, якія пацвярджаюць занятасць ці наяўнасць цяжкай жыццёвай сітуацыі, налічэнне платы за паслугу гарачага водазабеспячэння па тарыфе, які забяспечвае поўнае пакрыццё выдаткаў на яе аказанне, будзе выстаўленае ў паведамленні аб памеры платы за жыллёва-камунальныя паслугі за люты з улікам пераразліку за студзень”, — удакладнілі ў прэс-службе.

Інфармацыю пра ўключэнне ў спісы незанятых таксама можна будзе атрымаць пры аплаце ЖКП праз АРІП, а з 11 лютага — на партале Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг пры наяўнасці электроннага лічбавага подпісу або ўнікальнага ідэнтыфікатара (лагіна і пароля).

Пасля пратэстаў, якія пракаціліся па краіне ў лютым—сакавіку 2017 года супраць дэкрэта „аб дармаедах”, дакумент быў скарэктаваны, але не адменены. 25 студзеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 „Аб змене дэкрэта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. На змену дэкрэту „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” прыйшоў дэкрэт „Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”.

На яго падставе ўлады распрацавалі базу звестак працаздольных грамадзян, не занятыя у эканоміцы, якая запрацавала 1 снежня мінулага года. Згодна з заканадаўствам, унесеныя ў гэтую базу грамадзяне будуць абавязаныя плаціць за дзяржпаслугі ў поўным аб’ёме, у прыватнасці з 1 студзеня 2019 года — за гарачую ваду, з 1 кастрычніка — за газ і ацяпленне.

У снежні міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч паведаміла, што ў базу звестак трапіла прыблізна 500 тыс. чалавек. Пры гэтым у міністэрстве пакуль не валодаюць дакладнай інфармацыяй пра колькасць грамадзян, якія паводле дэкрэта № 3 будуць аплачваць поўны кошт ЖКП. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра Андрэй Лабовіч 31 студзеня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце ведамства. „У цяперашні час яшчэ працягваецца праца па фармаванні спіса тых, хто будзе аплачваць па поўным тарыфе жыллёва-камунальныя паслугі. Такім чынам, паведаміць дакладна пра колькасць такіх грамадзян зараз немагчыма”, — адзначыў намеснік міністра.

belapan.by

Фота Sputnik Беларусь