Беларусы – прыхільнікі рынкавай эканомікі



Цікавыя метамарфозы адбываюцца з беларускім грамадствам. Паводле дадзеных даследавання, праведзенага Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, Беларусь выйшла на другое месца ў Еўропе па колькасці прыхільнікаў рынкавай эканомікі. На першым – паспяховая Швейцарыя.

Падобныя даследаванні з адзінай метадалогіяй праводзіліся ў 26 краінах Еўропы, уключаючы нашых суседзяў. Такім чынам, атрыманыя вынікі дазваляюць нам не толькі зрабіць выснову пра змяненні стаўлення грамадзян да інстытутаў прыватнай уласнасці, але і параўнаць нас з іншымі дзяржавамі. Увагу на цікавае даследаванне звярнуў беларускі эксперт Аляксандр Чубрык. Паводле аналітыка, папярэднія раўнды даследавання, якія праводзіліся кожную дзесяцігодку, пачынаючы ад 1990-га года, дазваляюць убачыць працэс змянення грамадскай свядомасці ў дынаміцы. Калі раней у нас дамінавала доля людзей, якія лічылі дзяржаўныя прадпрыемствы панацэяй ад усіх бед і няшчасцяў, то за прамінулыя дзесяцігоддзі колькасць апантаных прыхільнікаў “дзяржаўнай уласнасці” няўхільна зніжаецца.

У часы БССР Беларусь было прынята называць “зборачным цэхам” Саюза. Менавіта ў нашай краіне знаходзіліся шматлікія прадпрыемствы даволі высокага тэхналагічнага ўзроўню, якія з’яўляліся фінальнымі звёнамі вытворчага ланцужка ў машынабудаўніцтве альбо хімічнай прамысловасці. Вялікая колькасць прамысловых аб’ектаў абслугоўвалася цэлай арміяй рабочых і інжынераў. У пэўным сэнсе Беларусь уяўляла сабой адну з найбольш развітых савецкіх рэспублік, што ў будучыні прадвызначыла настальгічнае стаўленне большасці насельніцтва па сацыялістычнай эканоміцы ў першай палове 1990-х гадоў. Па распадзе Савецкага Саюза многія беларусы былі занепакоеныя пагрозай закрыцця прадпрыемстваў, стратай працоўных месцаў, што ў выніку выявілася ў падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі. Гэты кандыдат у прэзідэнты ў 1994 годзе абяцаў “запусціць заводы” і “паціснуць руку апошняму прадпрымальніку”. Прыхільнасць вялікай часткі насельніцтва да дзяржаўнай формы ўласнасці забяспечвалася бясконцымі датацыямі і спісваннямі пазык з прамысловых гігантаў. Але ўжо ў 2000-х гадах, калі пачалі скарачацца аб’ёмы крэдытна-грашовай падтрымкі з боку Расейскай Федэрацыі, ва ўрада заставалася ўсё менш матываў для падтрымання неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемстваў. Кантрактная сістэма і нізкія заробкі падштурхнулі многіх суайчыннікаў сысці да “прыватнікаў”, самім вырашаць пытанне свайго працаўладкавання. І менавіта прыватныя фірмы і кампаніі для многіх сталі адзінай магчымай альтэрнатывай для выжывання. Асабліва заўважная гэтая тэндэнцыя ў Менску, дзе, у адрозненне ад рэгіёнаў, у большай ступені развіты дробны і сярэдні бізнес.   

У гэтым жа даследаванні, акрамя долі прыхільнікаў рынка, ёсць таксама цікавыя аспекты вымярэння ступені даверу да інстытутаў улады. Прадказальна беларусы не давяраюць чыноўнікам, ураду, судовай сістэме, якія яны лічаць недастаткова кампетэнтнымі. Падобнае скептычнае стаўленне істотна адрозніваецца, напрыклад, ад установак тых жа швейцарцаў, якія спалучаюць у сабе прыхільнасць да рынкавай эканомікі з даверам да органаў улады і судоў.

Распаўсюд прарынкавых настрояў сярод беларусаў адчыняе акно магчымасцей для працы палітычных арганізацый, якія прытрымліваюцца ідэалогіі лібералізму і выступаюць за разняволенне прыватнай ініцыятывы. Калі ўлады не змогуць адпавядаць запытам грамадства, то ў бліжэйшыя гады можна прагназаваць сур’ёзны палітычны крызіс. Асабліва інтрыгоўна такія змены настрояў выглядаюць на фоне будучых прэзідэнцкіх выбараў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ