У Менску развіталіся з Васілём Сёмухам
У Менску развіталіся з перакладчыкам Васілём Сёмухам, які сышоў у іншасвет 3 лютага на 84-м годзе жыцця.
Гаворыць паэт Уладзімір Някляеў:
– Апроч таго, што ён быў унікальным у майстэрстве сваім перакладчыкам з розных моў, ён быў і чалавекам унікальным. Бо перажыўшы драму, трагедыю ў дзяцінстве, калі на ягоных вачах катавалі ягоную маці, і калі забілі ягоных бацькоў, а ён хаваўся ў гэты час пад сталом у хаце, якой пасля таксама не стала. Дык вось, перажыўшы гэта ўсё, ён застаўся надзіва светлым чалавекам.
Васіль Сёмуха перакладаў шмат з якіх моваў, у тым ліку і з польскай. Цягам чатырнаццаці гадоў ён ствараў беларускамоўны пераклад Бібліі. Пахаваюць перакладчыка на радзіме – у Пружанах.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
6 лютага ў Менску ў рытуальнай зале на вуліцы Альшэўскага праходзіць развітанне з перакладчыкам Васілём Сёмухам, які памёр 3 лютага ва ўзросце 83 гадоў.
У 14.45 нябожчыка павязуць у крэматорый на Паўночных могілках беларускай сталіцы.