МУС папярэджвае аб адказнасці за непраўдзівыя паведамленні аб небяспецы



МУС нагадвае аб адказнасці за непраўдзівыя паведамленні аб небяспецы, у мінулым годзе зарэгістравана больш за 20 такіх фактаў. Такая інфармацыя размешчана на сайце МУС Беларусі.

„У 2018 годзе міліцыя зарэгістравала 23 факты непраўдзівага паведамлення аб небяспецы. Двое з тых, хто званіў, былі раней судзімымі, а 11 – нецвярозымі, – расказалі ў МУС. – У 2019 годзе таксама фіксаваліся інцыдэнты, звязаныя з ілжывым мініраваннем, у тым ліку дзвюх навучальных устаноў – гродзенскай гімназіі і школы ў Гомелі. У абодвух выпадках паведамленні былі няўдачным жартам непаўналетніх”.

Як адзначылі ў ведамстве, такое свавольства дорага абыходзіцца як дзяржаве, так і вінаватым. „Заведама непраўдзівае паведамленне аб небяспецы вельмі сурова караецца – ад штрафу да пазбаўлення волі. Строгая адказнасць за ўчыненне такіх дзеянняў вызначана заканадаўствам нездарма. Іх наступствы наносяць эканамічны ўрон суб’ектам гаспадарання і грамадзянам. Інфармацыя аб магчымым узрыве можа справакаваць паніку, прычыніць нязручнасць у штодзённым жыцці людзей”, – падкрэслілі ў МУС.

Як паведамлялася, раніцай 5 лютага ў сталічную міліцыю паступіла паведамленне аб мініраванні офіса кампаніі „Белавія” на вул. Леніна, 18. На месцы працавалі супрацоўнікі міліцыі, сапёрна-піратэхнічная група. Былі эвакуіраваны людзі, абмежаваны рух машын. Паведамленне не пацвердзілася. Пазней праверкі прайшлі і ў іншых офісах кампаніі. Небяспечных прадметаў выяўлена не было. Узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 340 КК (заведама непраўдзівае паведамленне аб небяспецы).

belta.by