Анэта Прымака-Онішк: Працягваем вывучаць тэму бежанства



Бежанства стала найвялікшай трагедыяй людзей на нашых землях.

“Гэтая тэма на сёння ў большасці раскрытая, калі казаць пра гістарычныя факты, але яна ўвесь час папаўняецца гісторыямі і лёсамі канкрэтных сем’яў і людзей”, – адзначыла ў эфіры нашага радыё даследчыца, аўтарка кнігі “Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы” Анэта Прымака-Онішк:

– Увесь час людзі дасылаюць вельмі цікавыя здымкі з розных крыніц. Дасылаюць штосьці з Украіны, з Расеі. Гэта гісторыя як бы дапаўняецца. У мяне ёсць мара, каб усе гэтыя гісторыі апублікаваць на сайце, бо яны апавядаюць гісторыю бежанства.

Падчас Першай сусветнай вайны мільёны жыхароў з тэрыторыі сучасных Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны пад ціскам царскіх уладаў і прапаганды вымушана ўцякалі ўглыб Расеі. Збольшага гэта былі беларусы ды ўкраінцы. Мяркуецца, што 1/3 бежанцаў не перажыла гэтай трагедыі.

Як кажа Анэта Прымака-Онішк, цяпер яе найбольш цікавяць далейшыя лёсы людзей пасля вяртання дадому, калі даводзілася будаваць жыццё нанова:

– Ужо немагчыма было вярнуцца да таго, што было перад вайной. Яны былі ўжо зусім іншымі людзьмі, павінны былі пабудаваць усё ад пачатку: свядомасць, культуру. Калі мы на гэту гісторыю паглядзім, то бачна, што дзейнічалі секты, розныя палітычныя рухі. Перыяд міжваеннага дваццацігоддзя быў вельмі-вельмі актыўным.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Даследчыца стварыла адмысловы сайт biezenstwo.pl, дзе можна знайсці гістарычныя звесткі, расповеды людзей, а таксама шматлікія фотаздымкі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя