Еўрапейскія гульні без беларускай мовы



Стала вядома, што гарадзенскія раённыя ўлады праводзяць працы па стварэнні інфармацыйных шыльдаў, якія плануюць усталяваць на аўтатрасе М6 да Еўрапейскіх гульняў. На іх ёсць месца ангельскай, расейскай і польскай мовам. У той жа час, беларуская мова там – адсутнічае! Гэты план чыноўнікаў выклікае насцярожаннасць і абурэнне рупліўцаў беларускай культуры і мовы.

Кажа сябра гарадзенскай абласной рады Таварыства беларускай мовы Таццяна Савянкова:

– Узнікае пытанне, мы ж беларусы, чаму мы не паважаем у першую чаргу самі сябе? Як нас будуць паважаць тыя, хто да нас едзе. Таму ўносім такую прапанову, што на адным баку інфармацыйнага стэнда павінна быць інфармацыя на беларускай і расейскай мове, а на другім баку на ангельскай і польскай. Так павінен выконвацца наш асноўны закон Канстытуцыя, дзе прапісана, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, а беларуская на першым месцы.

Сябры Таварыства беларускай мовы спадзяюцца, што чыноўнікі перагледзяць планы і на інфармацыйных шыльдах дададуць беларускую мову, пакуль яны не ўсталяваныя.

Нагадаем, што другія Еўрапейскія гульні пройдуць з 21 па 30 чэрвеня сёлета ў Менску ды Заслаўі. Шыльды маюць быць усталяваны ўздоўж трасы Гародня-Менск (М6), а таксама каля найбольш значных культурных і гістарычных аб’ектах Гарадзеншчыны.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня