Змітра Лупача выклікалі ў Глыбоцкі РАУС



Журналіст-фрылансер з Глыбокага Зміцер Лупач атрымаў позву ў Глыбоцкі РАУС. Яе зноў даслаў капітан міліцыі Сяргей Цырбан, міліцыянт, які пастаянна пераследуе незалежнага журналіста.

Спачатку Цырбан патэлефанаваў Змітру зранку, каб ён з’явіўся ў гэты ж дзень у РАУС, потым яшчэ даслаў позву і на Viber.

У пастарунку міліцыі Сяргей Цырбан склаў на Змітра Лупача пратакол. У ім міліцыянт зноў вінаваціць журналіста ў парушэнні Закона аб СМІ і прыцягвае да адказнасці па артыкуле 22.9 КаАП ч.2 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

Як кажа Зміцер Лупач, пераслед незалежных журналістаў працягваецца і наўрадці ён скончыцца, хутчэй за ўсё, яшчэ больш узмацніцца.

– Колькі я памятаю, паслабленняў не было. Ціск толькі ўзмацняўся. Толькі  ў 2016 годзе, калі кіраўнік краіны сказаў не пераследаваць журналістаў, – там былі нейкія свае інтарэсы, то год гэта пратрывала. Праўда, не ўсюды. Напрыклад, у Гомелі гэта працягвалася. Таму спадзявацца на лепшае не выпадае.

Сёлета на Змітра Лупача быў складзены першы пратакол. На гэты раз падставай прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пад назвай “На Віцебшчыне паставілі помнік камсамолу”. 

Летась незалежны журналіст па артыкуле 22.9 КаАП ч.2 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) прыцягваўся да адказнасці 9 разоў. Агулам ён сплаціў штрафаў на суму 4 802 беларускіх рублёў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя