З’явіцца новая праграма крэдытавання пры куплі аўтамабіляў Geely



„Беларусбанк” сумесна з заводам „БелДжы” распрацоўваюць новую партнёрскую праграму крэдытавання фізічных асоб пры набыцці аўтамабіляў Geely. Пра яе ўмовы кліенты будуць інфармаваныя найбліжэйшым часам, паведамілі ў аддзеле камунікацый банка.

„У сувязі з заканчэннем тэрміну выдачы крэдытаў у межах пагаднення аб супрацоўніцтве з СЗАТ „БелДжы” па даванні крэдытаў на набыццё аўтамабіляў Geely ў дылераў прадпрыемства, на сённяшні дзень кліенты банка для набыцця аўтамабіляў названай маркі могуць скарыстацца дзейным у „Беларусбанку” крэдытным прадуктам на камерцыйных умовах”, — дапоўнілі ў банку.

Ільготныя крэдыты на набыццё аўтамабіляў Geely беларускай зборкі „Беларусбанк” спыніў выдаваць у пачатку лютага, таму што дагавор банка з „БелДжы” быў заключаны да 31 студзеня 2019 года. Крэдыты на ільготных умовах банк выдаваў з 2 красавіка 2018 года. Асноўнай перавагай прапановы з’яўлялася зніжаная працэнтная стаўка, якая ў першыя два-тры гады складае ўсяго 1,9% гадавых. Крэдытныя сродкі выдзяляліся ў памеры да 90% кошту аўтамабіля.

Беларуска-кітайскае СЗАТ „БелДжы” выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely. Больш за 60% продажу прыпадае на мадэль Atlas. У 2018 годзе ў Беларусі было рэалізавана 3.304 аўтамабілі Geely.

Раней паведамлялася, што палова рэалізаваных у Беларусі аўтамабіляў Geely прададзеныя па праграме льготнага крэдытавання, якую разам з „Беларусбанкам” рэалізуюць „БПС-Ашчадбанк” і „Белаграпрамбанк”.

У 2019 годзе „БелДжы” плануе рэалізаваць 7 тыс. аўтамабіляў Geely ў Беларусі і 15—18 тыс. — у Расtі.

„На 2019 год у нас стаіць амбіцыйная задача — вырабіць і прадаць 25 тыс. аўтамабіляў. Гэта вялікі аб’ём, але гэтая лічба дасягальная. Кіраўніцтва прадпрыемства бачыць, як ім выканаць планы продажу. Прыкладна 30% паступіць на ўнутраны рынак і 70% — на экспарт, у асноўным у Расtю”, — заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 8 лістапада падчас наведвання прадпрыемства „БелДжы” ў Мtнскай вобласці.

„Дзяржава са свайго боку прымае ўсе меры для таго, каб дапамагчы прадпрыемству выйсці на запланаваныя аб’ёмы для своечасовага абслугоўвання крэдытаў. 25 тысяч аўтамабіляў у 2019 годзе — дастатковая лічба для таго, каб прадпрыемства самастойна разлічваліся па ўсіх абавязацельствах”, — падкрэсліў Румас.

Заяўленыя магутнасці вытворчасці складаюць 60 тыс. машын на год, у перспектыве іх плануецца нарасціць да 120 тыс.

belapan.by