Распачатая крымінальная справа па факце разбурэння „лавы Клінтана”



Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце вандалізму ў Курапатах 1 лютага.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК па Менскай вобласці Таццяна Беланог, крымінальная справа распачатая на падставе ч. 1 арт. 344 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў ці матэрыяльных аб’ектаў, якім можа быць прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці). „Праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы”, — дадала Беланог.

1 лютага невядомыя пашкодзілі „лаву Клінтана” — гранітную пліту з памятным надпісам „Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”.

7 лютага адбыўся яшчэ адзін акт вандалізму — „лава Клінтана” была разбітая больш як на 14 фрагментаў і, мяркуючы па ўсім, аднаўленню не падлягае. Па гэтым факце „праводзяцца праверачныя мерапрыемствы і прымаецца працэсуальнае рашэнне”, удакладніла афіцыйны прадстаўнік СК.

„Лава Клінтана” была ўстаноўленая ў студзені 1994 года на месцы масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Біла Клінтана.

Лава неаднаразова зведвала атаку вандалаў. У прыватнасці яна была разбітая летам 2001 года, адрэстаўраваная і зноў усталяваная 15 студзеня 2002-га паслом ЗША ў Беларусі Майклам Козакам. Скульптар Алесь Шатэрнік, які займаўся рэстаўрацыяй знака, размясціў на месцы расколу гарызантальнай гранітнай пліты металічны вянок як сімвал пакаяння беларусаў, якія не здолелі зберагчы помнік ад апаганення. У лістападзе 2005 года лава была перавернутая і ўтаптаная ў зямлю, а ў лістападзе 2012-га яе размалявалі фарбай і зрабілі надпіс „АЧМ” („Авангард чырвонай моладзі” — бальшавіцкая арганізацыя ў краінах былога СССР і замежжа).

Ні ў адным з выпадкаў вандалы не былі ўстаноўленыя.

Пасольства ЗША выказала глыбокую занепакоенасць знішчэннем лавы і заклікала беларускія ўлады „правесці расследаванне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці”.

„Мы перакананыя, што гэты ўчынак выклікае агіду ў грамадзян і ва ўладаў Беларусі. Вандалы могуць знішчыць лаву, але не тое, што яна сабой увасабляе. Месца роздумаў для наведвальнікаў Курапатаў, лава сімвалізуе такія агульныя каштоўнасці, як рашучае супрацьстаянне тыраніі і тэрору, а таксама надзею, што падзеі, якія здарыліся тут 80 гадоў таму, больш нідзе і ніколі не паўторацца”, — гаварылася ў паведамленні пасольства Злучаных Штатаў.

belapan.by