У Наваградку адбудзецца прэзентацыя літаратурнага альманаху
У нядзелю, 10 лютага, у Наваградку адбудзецца прэзентацыя першага выпуску Наваградскага літаратурнага альманаху “Стольны град”. Альманах пабачыў свет у гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт”, які склала пісьменніца з Наваградку Святлана Абдулаева, а прадмову да зборніка напісаў Васіль Кузьміч.
Наваградчына заўсёды славілася таленавітымі людзьмі. Сярод гэтых людзей значнае месца займаюць літаратары. Альманах пачынаецца вершамі Адама Міцкевіча ў перакладзе Рыгора Барадуліна і Станіслава Судніка.
Вельмі добра, што ў кнігу ўвайшла вялікая падборка вершаў таленавітага паэта Самсона Пярловіча, які быў сябрам Саюза вызвалення Беларусі, прайшоў сталінскія лагеры. Святлана Абдулаева сказала, што “цяжкі і складаны лёс паэта праходзіць шчымлівай тугой праз усю яго шчырую паэзію, можа, і не заўсёды дасканалую. А жыў ён марамі і падзеямі на лепшыя часы…”.
У першым наваградскім альманаху надрукаваны таксама творы Зміцера Арцюха, Уладзіміра Бармуты, Марыі Быт, Уладзіміра Гайдука, Аркадзя Шынтэра, Уладзіміра Сіўко, Віктара Дземеша, Міколы Сільвановіча, Янкі Паддубіцкага і іншых наваградскіх аўтараў. З прозай і крытыкай у зборніку выступаюць Міхась Зізюк і Наталля Кузьміч. Пазнаёмяцца чытачы і з вершамі рускага паэта Мікалая Гумілёва ў перакладзе на беларускую мову Святланы Абдулаевай.
Альманах “Стольны град” надрукаваны, дзякуючы ТБМ і кіраўніку Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ Станіславу Судніку.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Наваградак