60 гадоў таму адрадзілася касцёльнае жыццё ў Пінску
Пасля дзесяці гадоў сталінскіх лагероў у горад над Пінай вярнуўся Казімір Свёнтак і з падтрымкай вернікаў аднавіў парафію. Да часоў перабудовы за касцёльным жыццём пільна сачылі спецслужбы, рэгулярна выклікаючы на допыты парафіян. Пэўны час вернікі арганізоўвалі самаахову для Свёнтка. Краязнаўца Эдвард Злобін адзначае, што кардынал быў гатовы на любую рызыку дзеля касцёла:
– У 80-х гадах адбыўся першы пасляваенны рамонт фасадаў касцёла. Былі нанятыя будаўнікі са звычайга будаўнічага ўпраўлення, прыватнікаў тады яшчэ не было. Аднак ніводзін будаўнік не пагадзіўся фарбаваць купал званіцы. Ксяндзу тады было пад 70, ён прывязаў сябе тросам да крыжа і пафарбаваў купал званіцы.
Казімір Свёнтак прыклаў шмат намаганняў, каб з пінскага касцёла не зрабілі броварны завод, як планавалася ў 60-я гады, а са старажытных могілак 19-га стагоддзя – футбольнае поле.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя