Ecolines: Аўтобус, які перакуліўся пад Астраўцом, быў тэхнічна спраўны



Пасажырскі аўтобус Вільня — Менск, які перакуліўся 10 лютага ноччу пад Астраўцам (Гарадзенская вобласць), быў тэхнічна спраўны, паведаміў БелаПАН дырэктар кампаніі Ecolines Belarus Павел Куцэнка.

Паводле яго слоў, у момант аварыі ў аўтобусе знаходзілася 38 чалавек, уключаючы вадзіцеля. Усе яны былі дастаўлены ў найбліжэйшую бальніцу ў Астраўцы. Цяжкіх траўм ніхто не атрымаў, нікога не шпіталізавалі, паведаміў Куцэнка.

На месца здарэння быў накіраваны новы аўтобус, які ў 6.35 даставіў пасажыраў у Менск.

Паводле яго слоў, у сувязі з аварыяй у кампаніі праводзіцца службовае расследаванне.

Па звестках абласной Дзяржаўтаінспекцыі, ДТЗ з пасажырскім аўтобусам Ecolines адбылося 10 лютага каля 0.15 на 19-м кіламетры аўтадарогі Гоза — Астравец — Ашмяны. „Паводле папярэдняй інфармацыі, аўтобус маркі „Неаплан” у нейкі момант выехаў на паласу сустрэчнага руху, далей на абочыну, у выніку чаго апынуўся ў кювеце. Ужо на мінімальнай хуткасці аўтобус лёг на левы бок”, — паведамляе ДАІ.

Участак дарогі, дзе адбылася аварыя, прамы, з добрай бачнасцю, праезная частка без якой-небудзь наледзі або снегу, адзначылі ў Дзяржаўтаінспекцыі.

„Акрамя вадзіцеля ў аўтобусе было 37 пасажыраў. Пасля ДТЗ неадкладна прыбылі на месца супрацоўнікі міліцыі, якія аказвалі пацярпелым неабходную дапамогу. На месцы здарэння працавалі медыкі і супрацоўнікі МНС. Для цэнтралізаванага дастаўлення пацярпелых ва ўстанову аховы здароўя і назад супрацоўнікамі МНС арганізавана прыбыццё аўтобуса мясцовага аўтапарка. 17 пасажырам , якія атрымалі раны і парэзы, аказана неабходная медыцынская дапамога ў Астравецкай ЦРБ. Ніхто з пасажыраў не шпіталізаваны”, — сказалі ў абласной Дзяржаўтаінспекцыі.

„За з`езд з дарогі вадзіцель аўтобуса 1987 года нараджэння прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, — паведамілі ў ДАІ.

belapan.by